У Беларусі ў судах першай інстанцыі апраўдваюць 0,2% падсудных, у Польшчы — 2,6%

У Беларусі ў судах першай інстанцыі апраўдваюць 0,2% падсудных, у Польшчы — 2,6%

У Беларусі летась вынеслі 96 апраўдальных прысудаў, гэта 0,23% ад усіх прысудаў. Асноўныя падставы — адсутнасць складу злачынства ці недаказанасць віны.

“Я б не назваў якасць папярэдняга следства правальным, але я нават не ведаю, як Следчы камітэт ацэньвае свае дзеянні”, — каротка кажа пра такую невялікую колькасць апраўдальных прысудаў і якасць следства першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч.

У 2017 годзе траіх апраўдалі па абвінавачванні ў забойстве, 12 чалавек — па абвінавачванні ў злачынствах супраць дзяржавы і  парадку ажыццяўлення ўлады.

Суды ў Беларусі толькі пацвярджаюць версію следства, упэўнены праваабаронца Гары Паганяйла:

“Гэтая сістэма не ўмее і не можа прынцыпова вырашаць праблему невінаватасці грамадзян і выносіць апраўдальныя прысуды там, дзе рэальна адсутнічаюць доказы. Сістэма пад гэта не заточаная, суддзі не навучаныя, не маюць дастатковай ступені прынцыповасці, каб ацаніць прадстаўленыя доказы. Сістэма не стварае пляцоўкі для аб’ектыўнай ацэнкі. Суддзі аказваюцца ў палоне той версіі, якую выбудавалі следчыя”.

Паводле праваабаронцы, у развітых краінах адсотак апраўдальных прысудаў даходзіць да 15%.

“У шэрагу краін гэты адсотак даходзіць да 10%, да 15%. Ва ўсялякім разе, у заходніх краінах гэты адсотак нашмат вышэйшы, чым у нас. І гаворка не ідзе аб працаздольнасці нашых следчых. Судовыя вердыкты толькі пацвярджаюць правату следчых”.

Глядзім статыстыку па прысудах у суседняй Польшчы. У судах першай інстанцыі за палову 2017 года вынеслі 2,6% апраўдальных прысудаў. З 2004 года па 2016 гэты адсотак стабільны — 2,4.

А вось у Беларусі, напрыклад, у 2012 годзе былі апраўданыя 324 чалавекі.

У суседняй Расіі доля апраўдальных прысудаў — 0,36%, у Вялікабрытаніі — 20%, у Нідэрландах — 10%.

За 2017 год у Беларусі асудзілі 43135 тысяч чалавек. Больш за траціну асуджаныя за раскраданне маёмасці і ўхілення ад выплаты аліментаў. А вось за наркотыкі сталі судзіць менш — 6,8% у агульнай колькасці прысудаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі