У Беларусі ўводзяць узмоцнены кантроль за асобамі, якія прыязджаюць з Італіі
З 25 лютага ў Беларусі ўводзяць узмоцнены санітарна-каранцінны кантроль за асобамі, якія прыязджаюць з Італіі. Гэтыя людзі трапяць пад медыцынскае назіранне. Прычына — актывізацыя распаўсюду ў Італіі каранавіруса COVID-19, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Грамадзянам нашай краіны не рэкамендуецца наведваць рэгіёны паўночнай Італіі, дзе аб'яўлены каранцін.
У Кітаі зарэгістраваны ўжо больш за 77 тысяч выпадкаў захворвання на каранавірус, у яшчэ 28 краінах — 2101 выпадак (найбліжэйшыя да Беларусі — Расія, Германія, Бельгія, Італія, Францыя, Швецыя, Фінляндыя), памерлі амаль 2600 чалавек. У нашай краіне пад медыцынскім назіраннем знаходзяцца 542 чалавекі, 712 чалавек яго ўжо прайшлі. З КНР прыехалі 325 студэнтаў, 141 з іх яшчэ пад меднаглядам. У часовай ізаляцыі знаходзяцца 265 кітайскіх рабочых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.