У Беларусі ўвялі маркіроўку абутку. Чым гэта пагражае пастаўшчыкам і пакупнікам
У Беларусі ўвялі маркіроўку абутку / pixabay.com
Некалькі кампаній, якія займаюцца продажам абутку, паведамілі беларускім уладам, што яны прыпыняюць яго пастаўкі з Расіі ў Беларусь. Пра гэта пішуць "Ведомости". Сярод іншых у лісце, накіраваным у Міністэрства па падатках і зборах, фігуруюць Nike, Lamoda, "Спортмайстар" і "Дзіцячы свет".
У ім гаворыцца, што прычынай прыпынення сталі праблемы з маркіроўкай тавару, якая стала абавязковай з 1 лістапада 2021 года. Аднак, як паведамляюць беларускія прадпрымальнікі, новаўвядзенне паўплывала на працу не толькі пералічаных кампаній, але і на іх. Некаторыя ўжо нават закрыліся.
Што такое маркіроўка абутку і для чаго яе ўвялі
Маркіроўка ў гэтым выпадку — гэта налепка, на якую нанесены спецыяльны код, па якім можна адсачыць паходжанне і рух тавару. Такую можна сустрэць, напрыклад, на вырабах з футра, тэлевізарах, маторных алівах або на рэштках прадукцыі Nivea, якую забаранілі ўвозіць у Беларусь і прадаваць тут.
Патрэбна яна для больш дакладнага падатковага кантролю, забеспячэння празрыстасці эканомікі. Маркіроўка гарантуе, што тавар, які прадаецца на тэрыторыі краіны і ЕАЭС у цэлым, легальны.
Чаму паўсталі праблемы і некаторыя прадаўцы абутку вырашылі закрыць бізнес
Паведамленні пра праблемы з рэалізацыяй абутку праз маркіроўку сталі паступаць ад прадаўцоў яшчэ ў пачатку лістапада. Lamoda 8 лістапада заявіла, што на іх сайце будзе часова недаступны ўвесь абутак. "Звязана гэта з тэхнічнымі збоямі ў рабоце нацыянальных сістэм маркіроўкі абутку ў рамках ЕАЭС. Мы чакаем вырашэння праблемы з боку гэтых сістэм, пасля чаго абутак вернецца ў продаж", — растлумачыла прычыну інтэрнэт-крама.
Пазней высветлілася, што складанасці ў працы ўзніклі і ў іншых прадаўцоў абутку.
— Расійскія пастаўшчыкі адмаўляюцца пастаўляць абутак у Беларусь праз тое, што наша сістэма "не канэкціцца" з сістэмай Расіі, — растлумачыў прадпрымальнік, які займаецца продажам абутку. — Калі імпартаваць абутак не з Расіі — то ўсё пакуль больш-менш. Хоць, вядома, да канца сістэма не настроеная. Дадалося шмат папяровай цяганіны і выдаткаў. Асабіста я вырашыў адмовіцца ад працы з абуткам. Шмат працы, шмат адказнасці, а даход нізкі. Пакупная здольнасць насельніцтва імкліва падае. Гандлю няма. На рынку засталіся тыя, у каго няма альтэрнатывы.
Праблемы ва ўзгодненасці работы беларускай і расійскай сістэмы кантролю маглі паўстаць праз тое, што патрабаванні да нашай маркіроўкі і да кантрольных знакаў Расіі розныя.
— Расія ўвяла гэта раней. Стварэннем, кіраваннем гэтай сістэмай там займаецца прыватная кампанія. У нас жа дзяржава. У нашай структуры энтузіязму гэтым займацца, мяркуючы па ўсім, няма. Апроч іншага, для стварэння і кіравання сістэмай трэба вельмі шмат грошай. У Беларусі і з гэтым могуць быць праблемы, — мяркуе прадпрымальнік. — Наогул, на мой погляд, уся гэтая сістэма абсалютна не патрэбная. Больш шкодзіць, чым прыносіць карысці. Расійскі "Сумленны знак" ствараўся як інструмент барацьбы з кантрабандай. Сістэма функцыянуе ўжо некалькі гадоў, і заяўленага выніку, наколькі мне вядома, не дасягнута. Затое праца праз гэтую сістэму каштуе вельмі дорага, расходы растуць. Многія буйныя расійскія вытворцы выступалі супраць "Сумленнага знака". Саюз абутнікаў у Расіі таксама быў супраць гэтага. У Еўропе, наколькі я ведаю, гэтага няма. І не таму, што яны дурныя, проста яны разумеюць, што ідэальны парадак толькі на могілках.
Акрамя таго, што маркіроўка абутку павялічвае аб'ём працы з дакументацыяй, яна адбіваецца і на цане тавару для спажыўцоў.
— На гэтым этапе ў Беларусі цана абутку можа вырасці няшмат, на некалькі капеек. Але з прасоўваннем наперад расходы будуць расці. Рэч у тым, што маркіроўка — гэта не проста купля маркіровачных знакаў. Патрэбна праца ў праграме па ўліку, перамяшчэнні і спісанні знакаў. Нават для маленькай фірмы патрэбны асобны супрацоўнік, прычым добры спецыяліст, які не заваліць увесь улік. Таму што ўсё павінна сыходзіцца яшчэ і з бухгалтэрыяй.
Арыфметыка простая: зарплата такога супрацоўніка з падаткамі будзе, напрыклад, 1200 рублёў. Пры сярэднямесячным абароце ў 100 пар да цаны пары дадаецца рублёў 12. Быццам гэта яшчэ можна цярпець, — тлумачыць бізнесмен.
Раней прадпрымальнікі агучвалі, што для ўнясення інфармацыі, якую змяшчае маркіроўка, у базу неабходнае спецыяльнае абсталяванне. Дый сама маркіроўка не бясплатная.
— Пастаянная расходная частка для гаспадара бізнесу вялікая. Суадносіны расходнай і даходнай часткі атрымліваюцца крытычныя. Адпаведна, мэтазгодна дадаваць да цаны 30 рублёў. Пры цяперашніх цэнах на абутак — гэта 12-15% ад яго кошту. Пры такой схеме асабіста я не гатовы да працы.
Тое, што кошт тавару ў крамах праз увядзенне маркіроўкі вырасце, пацвердзіў і яшчэ адзін прадпрымальнік, у якога ў Беларусі дзве абутковыя крамы.
— Праз каранавірус, зніжэнне даходаў насельніцтва і эканамічную сітуацыю ў цэлым продажы ў прынцыпе ўпалі. Людзі не багацеюць. Таму падаражэнне абутку нават на 5% можа адбіцца на попыце, — кажа прадпрымальнік. — Уся гэтая сітуацыя з маркіроўкай можа прывесці да таго, што больш таннага абутку на рынку стане значна менш. Тое, што даражэйшае, будзе яшчэ даражэйшым. Бізнес цяпер і так у вельмі небяспечным становішчы. Некаторыя прадпрымальнікі не вытрымаюць і закрыюцца.
Сам жа бізнесмен кажа, што плануе закрыць свой бізнес у Беларусі і з'ехаць за мяжу, дзе больш спрыяльныя ўмовы для працы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.