У Беларусі ўзводзіцца 118 мініфутбольных стадыёнаў

Адзін з новых мініфутбольных стадыёнчыкаў урачыста адкрылі ў Мінску 12 верасня на базе школы №91. Збудавалі за месяц, паклалі класнае штучнае пакрыццё, гумовыя разміначныя дарожкі вакол газону, усталявалі добрыя вароты, арганізавалі сучасную сістэму камунікацый.

Мініфутбольны стадыён будуць выкарыстоўваць мясцовыя школьнікі. Таксама абяцаецца, што гуляць на новым полі змогуць усе ахвотныя падлеткі з ваколіцаў.

Такіх пляцовак абяцаюць збудаваць 118 па ўсёй краіне. І не толькі ў Мінску і абласных цэнтрах. Палі ўжо адкрылі ў Смаргоні, Быхаве, Добрушы і некаторых іншых райцэнтрах.

Праект называецца ““Родная сторона” ― дзецям”. Ініцыятыву выявіла кампанія “НТС”, якая наладзіла сетку крамаў “Родная сторона”.    

“Стадыёны плануем будаваць не толькі каля школаў, але і ў звычайных дварах, таксама на базе дзіцяча-юнацкіх спартовых школ, ― тлумачыць канцэпцыю задумкі Дзмітрый Цыган, начальнік аддзела камунікацыі і брэндзінга кампаніі “НТС”.

Еўрарадыё: Што трэба зрабіць, каб трапіць да вас у праект?

Дзмітрый Цыган: “Для пачатку трэба зайсці на наш сайт і ў раздзеле “Родны кут ― дзецям”  падаць заяўку”.

Еўрарадыё: Поле выглядае талковым. У якую суму яно абыходзіцца?

Дзмітрый Цыган: “Мы фінансуем закупку і ўкладку пакрыцця, усталяванне агароджы, дзе трэба. Астатняе забяспечвае Федэрацыя футбола, мясцовыя органы ўлады. Заказчык непасрэдна ўкладае грошы ў падрыхтоўку тэрыторыі. У комплексе пляцоўка абыходзіцца прыкладна ў паўмільярда беларускіх рублёў. Насамрэч нятанна, але ёсць вялікі сацыяльны эфект”.

Здавалася б, у пабудове стадыёнаў для дзяцей няма грандыёзнай інфармацыйнай нагоды. Але ў час, калі школьнікі могуць лёгка набываць паўлегальныя сінтэтычныя псіхатропы, калі продажы алкаголю стымулююцца таннымі на яго коштамі а спартовыя вынікі ў краіне пайшлі на спад, задумка з сучаснымі мініфутбольнымі стадыёнамі выглядае высакароднай і своечасовай.

Яшчэ нядаўна нават вядомыя футбольныя школы скардзіліся на тое, што вучні вымушаны гуляць на асфальце. Цяпер некаторыя дзеці змогуць трэніравацца на такіх жа пляцоўках, як і іх заходнееўрапейскія аднагодкі. 

Газон выпрабоўвае першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Сафар'ян

Падчас адкрыцця стадыёна: генеральны дырэктар кампаніі "НТС" Марына Грышчанка і начальнік камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі