У Беларусі за незаконныя валютныя аперацыі затрымалі 19 чалавек
Найбольш такіх выпадкаў здарылася ў Мінску і Мінскай вобласці.
За тры дні (19-21 снежня) за парушэнне правіл здзяйснення валютных аперацый у Беларусі міліцыянеры затрымалі 19 чалавек. У іх забралі больш за 2000 долараў, 26 тысяч расійскіх рублёў і амаль 31 мільён беларускіх рублёў.
Як інфармуе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў, найбольш адміністрацыйных пратаколаў склалі ў Мінску — 11, у Мінскай вобласці — 4, у Гомельскай — 3, у Магілёўскай — 1. У сталіцы затрымалі 52-гадовага беспрацоўнага, 17-гадовага студэнта, 31-гадовага рабочага, 25-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка.
МУС рэкамендуе грамадзянам устрымацца ад пакупкі валюты з рук і нагадвае, што за незаконныя валютныя аперацыі акрамя штрафу (да 15 млн рублёў) прадугледжаная канфіскацыя грошай.
Акрамя таго, за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, звязаную з незаконнымі валютнымі аперацыямі, пагражае пазбаўленне волі — ад 2 да 7 гадоў, за выраб фальшывых грошай — да 15 гадоў.
Нагадаем, што 19 снежня ў Беларусі быў уведзены 30-адсоткавы збор пры набыцці валюты. Многія абменнікі дагэтуль адчуваюць праблемы з наяўнай валютай.
Фота — Fotolia