У Беларусі змянілі ўмовы, калі могуць прызнаць, што дзіця знаходзіцца ў СНС
Пасля прызнання таго, што дзіця знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, яго могуць адправіць у прытулак, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі зрабілі больш жорсткімі ўмовы, пры якіх могуць прызнаць, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС). Новыя правілы прапісаныя ў пастанове ўрада. Дакумент надоечы з'явіўся на Нацыянальным прававым партале.
Згодна з новымі правіламі, ёсць магчымасць прызнаць, што дзіця знаходзіцца ў СНС, калі абое бацькоў або адзіная маці ці адзіны бацька не працуюць больш за тры месяцы (ці не маюць хоць якога-небудзь законнага даходу). Дзіця таксама можа атрымаць гэты статус, калі бацькі няправільна расходуюць дзіцячыя выплаты — не могуць забяспечыць яго ежай, адзеннем і цацкамі.
Яшчэ адной падставай пастаноўкі дзіцяці ў СНС зробяцца праблемы з наркотыкамі і алкаголем у бацькоў. Гаворка ідзе аб здзяйсненні правапарушэння або злачынства ў стане наркатычнага ап'янення, а таксама нежаданні лячыцца ад алкагольнай або наркатычнай залежнасці. Адрэдагаваны і пункт, які тычыцца жорсткага абыходжання бацькоў з дзіцем. Калі раней гаворка ішла толькі пра ўжыванне фізічнага ці псіхалагічнага гвалту, то цяпер да іх далучылі і сексуальны гвалт.
Нагадаем, наступным крокам пасля прызнання таго, што дзіця знаходзіцца ў СНС, можа быць яго выдаленне з сям'і. Дзяцей у гэтым выпадку перадаюць у прытулак. Бацькам пры гэтым даюць час ліквідаваць прычыны, якія прывялі да такой сітуацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.