У Бераставіцкім раёне эксперта ДАІ збілі на дарозе падчас працы (фота)
У Бераставіцкім раёне ў вёсцы Алекшыцы эксперта ДАІ збілі на дарозе падчас працы. Спецыяліст прыехаў туды пасля здарэння — пенсіянер вёз на матацыкле сваю жонку, якая прыехала на аўтобусе з Гродна, і зачапіў дзяўчыну-пешахода. Апошняя ўпала ў лужыну. Сам матацыкліст не саўладаў з кіраваннем і матацыкл перакуліўся. Яго жонка атрымала траўмы і трапіла ў рэанімацыю. Як адзначае прэс-служба ДАІ Гродзенскай вобласці, па словах мужчыны, ён зрэагаваў на блік у цемры і ўзяў у левы бок, пасля чаго і ўпаў. Высветлілася, што ён пабачыў святлоадбівальную павязку на руцэ дзяўчыны-пешахода.
Следча-аператыўная група працавала на месцы здарэння. Раптам з'явіўся аўтамабіль "Аўдзі", які збіў эксперта. Кіроўца сцвярджае, што заўважыў чалавека толькі ў некалькіх метрах ад яго, хаця ў пацярпелага быў святлоадбівальны надпіс на спіне. Эксперт ДАІ трапіў у хірургічнае аддзяленне мясцовай бальніцы.
Фота: gaigrodno.by