У блогера Сяргея Пятрухіна выявілі каранавірус
У брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна выявілі каранавірус. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў яго сябар блогер Аляксандр Кабанаў, у якога COVID-19 выявілі раней.
"Гэта пры тым, што мы былі ў самаізаляцыі 2 месяцы, у краму толькі ў масках, адразу апрацоўвалі рукі (трайным адэкалонам, смярдзючым, назва "Саша". Антысептыку ў аптэцы тады не было). Нічога не дапамагло. Добра, што колькасць кантактаў была абмежаваная", — напісаў Кабанаў.
Як распавядала Еўрарадыё, Кабанава шпіталізавалі 9 траўня. Яго тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік. Кабанаў мяркуе, што заразіўся каля месяца таму, калі жыў пад Пінскам у ізаляцыі на лецішчы ў сябра.
Пятрухіна, які быў на лецішчы разам з ім, шпіталізавалі 11 траўня. Перад гэтым брэсцкі суд прысудзіў яму 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі.
Па стане на 13 траўня ў Беларусі зарэгістравана 25 825 выпадкаў заражэння каранавірусам, памерлі 146 пацыентаў з COVID-19.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.