У Брэсце 11 "нічыйных" дарог знойдуць свайго ўласніка (фота)
У Брэсце 11 "нічыйных" дарог знойдуць свайго ўласніка. Пра гэта брэсцкія сацыял-дэмакраты даведаліся ад мясцовых уладаў.
Яшчэ ў 2014 годзе актывісты гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) збіралі подпісы пад патрабаваннем рамонту аднаго з праездаў у мікрараёне Усход. Зварот быў накіраваны ў Брэсцкі гарвыканкам і ДАІ вобласці. Сацыял-дэмакраты таксама патрабавалі прыцягнуць да адказнасці вінаватых у стане дарожнага пакрыцця.
Але выявілася, што гэты праезд стаіць на ўліку ў гарвыканкаме як "безгаспадарчы". Доўгі час было невядома, каму ж належыць дарога, якая праходзіць паміж яслямі-садамі №34 і №41 ды сярэдняй школай №10, распавядае Еўрарадыё кіраўнік гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс.
Канюс: "Гэтыя дарогі безгаспадарчыя, таму няма каго прыцягнуць да адказнасці за тое, што яны не абслугоўваюцца, за тое, што на іх шмат пяску, ямы на асфальце. І больш за два гады ішла гэтая паперная праца! Усё для таго, каб проста зрабіць мінімальны рамонт альбо мінімальнае абслугоўванне гэтых дарог".
Аднак днямі стала вядома, што ажно некалькі "нічыйных" дарог у Брэсце ўсё ж атрымаюць свайго ўласніка. На пачатак 2016 года брэсцкае "Агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры" правяло тэхнічную інвентарызацыю і зрабілі ведамасці тэхнічных характарыстык ажно 11 безгаспадарчых праездаў мікрараёну Усход. Усе праезды будуць "у судовым парадку прынятыя ва ўласнасць горада Брэста з наступнай перадачай у гаспадарчае вядзенне КУП "Брэсцкае дарожна-эксплуатацыйнае прадпрыемства", паведамляецца ў адказе з гарвыканкаму.