У Брэсце адбыўся бард-форум імя Уладзіміра Высоцкага (фота)

У Брэсце адбыўся бард-форум імя Уладзіміра Высоцкага (фота)

У Брэсце адбыўся бард-форум імя Уладзіміра Высоцкага. Міжнародны фестываль аб'яднаў выканаўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Ізраіля, Польшчы і Грузіі.

Першы бард-форум праходзіў у горадзе над Бугам 27 і 28 лістапада. Ініцыятары яго правядзення — калектыў рэдакцыі газеты "Брестский курьер".

Адна з арганізатарак мерапрыемства Ірына Шапялевіч распавяла Еўрарадыё, што ідэя стварэння ў Брэсце бард-форума прыйшла пасля візіту ў Польшчу. У горадзе Кашаліне больш за 10 год праходзіць міжнародны фестываль дакументальных фільмаў, прысвечаных Высоцкаму, у межах якога таксама ладзяцца і канцэрты.

"Прыехаўшчы ў Кашалін год таму, мы пазайздросцілі таму, што Уладзімір Высоцкі можа  там сабраць вялікую колькасць людзей: каля 150 удзельнікаў змянялі адзін аднаго напрацягу трох дзён, радыё і тэлебачання было запоўнена голасам Высоцкага на розных мовах. Калі мы пачулі назву фестывалю, то вырашылі прывесці гэтую ідэю дадому, прадставілі яе мэру, які пагадзіўся на стварэнне такога мерапрыемства", — распавядае Ірына Шапялевіч.

Таксама падчас форуму адбылася і літаратурна-навуковая канферэнцыя "Вытокі. Высоцкі і Беларусь". Уладзімір Высоцкі хоць і нарадзіўся і жыў у Маскве, але меў непасрэднае дачыненне да Брэста. З Брэстчыны паходзіць яго дзед, а таксама ёсць шмат  фотасведчанняў таго, што славуты бард і акцёр неаднаразова бываў праездам і гасцяваў там, калі накіроўваўся ў Францыю да сваёй жонкі Марыны Уладзі.

Па словах арганізатараў, фестываль імя Уладзіміра Высоцкага яны плануюць зрабіць штогадовым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі