У Брэсце адкрылася міжнародная выстава малых формаў графікі і экслібрыса (фота)
25 верасня ў Мастацкім музеі ў Брэсце адкрылася III міжнародная выстава малых формаў графікі і экслібрыса. “Brest Print Triennial 2015” з'яўляецца працягам біенале "Белавежская Пушча" і "Гульні цароў", якія прайшлі ў горадзе над Бугам ў 2009 і 2013 гадах.
Сёлета для ўдзелу ў конкурсе былі адабраныя 275 работ мастакоў з 46 краін. Міжнароднае журы з 72 лепшых працаў абрала трох пераможцаў. Першае месца было прысуджана японскаму мастаку Жынану Кабаяшы. На жаль, сам творца на ўручэнне прэміі прыехаць не змог. Адна з прычынаў — занадта дарагі квіток з Японіі да Беларусі, выдаткі не здолеў кампенсаваць нават галоўны прыз — $1000. Другое месца заняў Хайк Грыгаран з Арменіі, трэцяе — Алег Дзенісенка з Украіны.
Пра тэму трыенале Еўрарадыё распавёў яго галоўны куратар, брэсцкі мастак Аляксандр Грыгор'еў:
"Мір і вайна" — гэта не "немцы і рускія" ці штосці кшталту
гэтага! Сёння ваююць усе з усімі, кожны сам з сабой... Увогуле ўсе тры тэмы былі глыбока філасофскімі: як і "Прырода", так і "Гульні цароў". Гэта ўсё — дзяржава, чалавек, грамадства, а зараз — культура. Што значыць культура? Гэта тое, як мы зараз жывем: мір і вайна. Як ў Льва Талстога была "Вайна і мір", дык тут крыху наадварот".
Працаваць выстава будзе да 10 кастрычніка.
Фота: Еўрарадыё