У Брэсце арыштавалі трэцяга праціўніка акумулятарнага завода
22 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Брэста адбыўся суд над Дзмітрыем Бекалюком. Яго вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Бекалюк — адзін з актывістаў, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода на ўскрайку Брэста. 12 красавіка некалькі соцень брастаўчан прайшлі маршам па гарадскіх вуліцах: іх абурыла тое, што завод прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу. Жыхары Брэста лічаць, што завод "АйПаўэр" — экалагічна шкоднае прадпрыемства. Акцыі пратэсту супраць яго цягнуцца з лютага 2018 года.
Увечары 17 красавіка Бекалюка затрымалі, выходныя ён правёў у азалятары часовага ўтрымання. Зранку 18 красавіка міліцыя затрымала яшчэ двух актывістаў — Аляксандра Кабанава і Дзмітрыя Андрасюка.
20 красавіка Кабанава і Андрасюка асудзілі на 15 сутак арышту кожнага. А Бекалюк запатрабаваў час на азнаямленне са справай, таму яго суд адклалі да 22-га.
На працэсе 22 красавіка суддзя Аляксандр Семянчук зачытаў матэрыялы справы: Бекалюк публічна выражаў незадаволенасць дзеючай уладай і заводам. Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", усе хадайніцтвы Бекалюка суддзя адхіліў і пасля выступу міліцыянтаў-сведкаў прысудзіў яму 15 сутак арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.