У Брэсце пад цягніком загінуў хлопец, які слухаў музыку ў навушніках
У Брэсце пад коламі дызель-цягніка загінуў 23-гадовы хлопец. Трагічнае здарэнне адбылося 8 верасня прыкладна ў 6.50 на чыгуначным пераездзе ў раёне станцыі "Брэст-Паўднёвы". Хлопец памёр на месцы.
Пра падрабязнасці здарэння Еўрарадыё распавяла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Марына Дранькова. Хлопец пераходзіў чыгунку спіной да цягніка, таму і не змог яго заўважыць.
Дранькова: "Па словах родных, ён раніцай пайшоў на працу на прадпрыемства, якое знаходзіцца за чыгуначным пераездам. Як адзначыў машыніст, юнак "набліжаўся" да лакаматыву спіной і на папераджальныя сігналы не реагававаў. Экстранае тармажэнне не дазволіла папярэдзіць наезд. Падчас агляду месца здарэння былі знойдзеныя навушнікі, якія былі падключаныя да мабільнага тэлефона і якія прайгравалі музыку".
Па факце гібелі чалавека на чыгунцы Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку.
Як паведамляла Еўрарадыё, у ліпені ў Пінску 17-гадовая выпускніца школы слухала музыку і трапіла пад цягнік Жыткавічы — Брэст. Яна атрымала траўмы і была шпіталізаваная. А год таму 22-гадовы хлопец у навушніках трапіў пад электрычку Барысаў — Мінск і загінуў.
Фота: ria.ru