У Чачэрску пачалася рэканструкцыя ратушы XVIII стагоддзя
Ратуша ў Чачэрску
Рэканструкцыю ратушы XVIII стагоддзя пачалі ў Чачэрску, перадае тэлерадыёкампанія "Гомель".
Ратуша была пабудаваная ў XVIII стагоддзі на загад графа Захара Чарнышова — аднаго з фаварытаў расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. У яе архітэктуры выкарыстаныя элементы неаготыкі і класічнага дойлідства. Першы і другі паверхі будынка каменныя, а вышэй ідуць драўляныя канструкцыі.
Папярэдні раз аднаўленнем ратушы займаліся 30 гадоў таму — пасля пажару, які адбыўся ў 1974 годзе.
Потым 25 гадоў мясцовыя ўлады праводзілі рамонтныя работы без прыцягнення спецыялістаў. Таму цяпер "Гомельрэстаўрацыя" будзе, верагодна, займацца і рэканструкцыяй, і рэстаўрацыяй будынка. Мяркуецца, што на работы спатрэбіцца дзевяць месяцаў.
Па словах дырэктаркі Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея Таццяны Ганчаровай, ёсць звесткі, што ад падвальных памяшканняў ратушы ішлі тры падземныя хады. Нібыта ў 1990-х іх замуравалі дзеля бяспекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.