У дэлегаты УНС трапіў мінскі дэпутат, асуджаны за злоўжыванне ўладай

Сяргей Казлоў у Палацы воднага спорту / TUT.BY
Сяргей Казлоў у Палацы воднага спорту / TUT.BY

Дэлегатамі на Усебеларускі народны сход былі вылучаныя ўсе 55 дзейных дэпутатаў Мінгарсавета. Нават Сяргей Казлоў — экс-гендырэктар САК "Алімпійскі", які ў траўні 2019-га быў асуджаны на два гады паводле артыкула 424 Крымінальнага кодэкса — "Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі".

Акрамя таго, Казлова, які да гэтага часу лічыцца на сайце дэпутатам Мінгарсавета па Акадэмічнай выбарчай акрузе №48, на пяць гадоў пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. Усё гэта за тое, што падначаленыя па яго ўказанні бралі на сябе штрафы, якія Казлоў атрымліваў за парушэнні ПДР на службовай машыне.

І ўсё-ткі ён трапіў у лік дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. У распараджэнні Еўрарадыё апынуўся спіс дэлегатаў з ліку дэпутатаў Мінгарсавета. Сяргей Казлоў у ім пад 18-м нумарам.

В делегаты ВНС попал минский депутат, осуждённый за злоупотребление властью
Спіс дэлегатаў на УНС з ліку дэпутатаў Мінгарсавета / Еўрарадыё

Звярніце ўвагу: у графе "Пасада, месца працы" ў Казлова — пуста.

 

55 з 57

У пачатку студзеня многія СМІ, у тым ліку і Еўрарадыё, напісалі, што дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу сталі толькі 55 з 57 дэпутатаў Мінгарсавета. А тыя двое, каму не пашанцавала ўбачыць сход знутры, гэта Вольга Цесакова і Павел Бачарнікаў — менавіта тыя дэпутаты, якія займаюцца арганізацыяй мясцовага самакіравання, асудзілі гвалт і нават спрабавалі выйсці з Мінгарсавета.

Гэта была памылка, за якую мы прыносім свае прабачэнні. На самай справе і Цесакова, і Бачарнікаў трапілі ў спіс дэлегатаў УНС. З Мінгарсавета туды ўзялі наогул усіх. А тое, што ў спісе не 57, а 55 чалавек, тлумачыцца тым, што да цяперашняга моманту з 57 абраных дэпутатаў засядаюць толькі 55.

У 2019 годзе Мінгарсавет пакінуў галоўны доктар 12-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі Уладзімір Краўчонак, асуджаны па "справе медыкаў". Яго выбарчая акруга перайшла да калегі — Яўгена Святагора. А экс-старшыня Мінгарсавета Васіль Панасюк, абраны па Матусевіцкай акрузе №33, пазней стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Яго ў Мінгарсавеце замяшчае Ірына Дрозд.

В делегаты ВНС попал минский депутат, осуждённый за злоупотребление властью
Дэпутаты, якія вядуць па дзве акругі / Еўрарадыё

То-бок звычайна дэпутатаў, якія губляюць крэсла ў Мінгарсавеце, прыбіраюць з яго сайта. Але з Сяргеем Казловым нічога падобнага не адбылося. Мяркуючы па сайце Мінгарсавета, ён, нягледзячы на судзімасць, па-ранейшаму з'яўляецца дэпутатам ад Акадэмічнай акругі №48.

В делегаты ВНС попал минский депутат, осуждённый за злоупотребление властью
Старонка Сяргея Казлова на сайце Мінгарвыканкама / Еўрарадыё

Як такое магчыма?

Можа быць, Казлоў-дэпутат і Казлоў, асуджаны за злоўжыванне ўладай, — два розныя чалавекі? Гэта наўрад. Вось фрагмент прысуду Вярхоўнага суда, дзе намеснік генпракурора (!) беспаспяхова спрабаваў апратэставаць прысуд Казлова (у дакуменце ён пазначаны як К.):

В делегаты ВНС попал минский депутат, осуждённый за злоупотребление властью
Прысуд Вярхоўнага суда / Еўрарадыё

Гаворка, безумоўна, пра аднаго і таго ж чалавека.

Еўрарадыё паспрабавала разабрацца ў сітуацыі і сутыкнулася з дзіўнымі рэчамі. Выглядае на тое, што ў Мінгарсавеце ніхто не ведае, асуджаны Сяргей Казлоў або не.

Запісацца на прыём да дэпутата немагчыма. Нумары, пазначаныя на сайце Мінгарсавета, не існуюць. Але ўнізе пазначана, што замест Казлова прымае цяперашні старшыня Мінгарсавета Андрэй Бугроў. Удакладняем у яго прыёмнай, што, уласна кажучы, здарылася з Сяргеем Сяргеевічам.

— Я не магу адказаць на гэта пытанне. Можаце памочніку патэлефанаваць, можа быць, яна вам неяк больш падрабязна растлумачыць гэту сітуацыю, — адказваюць у прыёмнай.

Інакш кажучы, у прыёмнай Мінгарсавета не ў курсе (або робяць выгляд), што адзін з 55 дзейных (?) дэпутатаў асуджаны па крымінальным артыкуле.

Тэлефануем памочніцы Бугрова і прастадушна цікавімся: можа быць, Сяргей Казлоў у турме?

— Хто вам гэта сказаў? У нас такой інфармацыі няма, — адказвае яна. І сыходзіць ад адказу на пытанне, чаму замест Казлова прымае Бугроў.

 

Знайсці Сяргея Казлова

Пра тое, што адбываецца, прасцей за ўсё было б спытаць у самога Сяргея Казлова. Але знайсці яго аказалася не так і проста. Сяргей Сяргеевіч, калі вы чытаеце гэтыя радкі, — звяжыцеся, калі ласка, з рэдакцыяй Еўрарадыё!

А мы пакуль што пашукаем. У гімназіі Мінска №18, дзе, калі верыць сайту Мінгарвыканкама, у першы панядзелак месяца грамадзяне маглі б сустрэць дэпутата, нам не змаглі адказаць, калі ён апошні раз праводзіў прыём.

Яшчэ адно месца прыёму — САК "Алімпійскі". Раней Казлоў працаваў там гендырэктарам, але цяпер у спарткомплексу іншы гендырэктар. У яго прыёмнай пра тое, як звязацца з Казловым і дзе ён цяпер, нічога не ведаюць.

Цяперашняе месца працы Казлова ў спісе дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, як мы памятаем, не пазначана.

 

Высновы

Такім чынам, у Мінгарсавеце робяць выгляд, што Сяргей Казлоў дагэтуль дэпутат. Нягледзячы на дзейны прысуд суда, яго нават абіраюць дэлегатам на Усебеларускі народны сход.

У той жа час замест яго прымае іншы дэпутат, а пасаду, якую ён займаў на момант выбараў, цяпер займае іншы чалавек.

Высновы напрошваюцца самыя дзіўныя. Альбо Сяргей Казлоў нейкім неймаверным чынам пасля няўдалага пратэсту ў Вярхоўным судзе змог зняць судзімасць і вярнуцца ў дэпутацкае крэсла (але не да канца). Альбо ў Мінгарсавеце (ды і не толькі там) з нейкіх прычын на ўсё гэта лічаць за лепшае закрываць вочы. Ну асудзілі дэпутата — і асудзілі. Што такога. Бывае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі