У дзень на ўзгадненне кандыцыянера ці талеркі прыходзіць да 60 чалавек!

Праз два месяцы пасля прыняцця пастановы Саўміна аб абавязковым узгадненні спадарожнікавых талерак, кандыцыянераў і нават падлогі, ЖЭСы выйшлі на паляванне.

“Правяраем, даем прадпісанні”, — у ЖЭСе № 56 Заводскага раёна да пастановы Саўміна аднесліся сур’ёзна. Літаральна пад аловак тут адзначаюць усе талеркі ў раёне!

“Калі на даху талеркі ёсць, вешаем аб’явы на пад’ездах, каб паказалі дазвол на ўсталёўку. Але асаблівасць нашых людзей у тым, што яны бягуць да нас, калі мы ўжо здымаем! Кажуць, не бачылі, не чулі, хаця, калі меркаваць па зваротах, людзі ў нас граматныя і начытаныя”, — кажуць у ЖЭСе Заводскага раёна.

У адміністрацыю Першамайскага раёна ў прыёмны дзень па ўзгадненне звяртаецца да 60 чалавек.

Еўрарадыё: А колькі займае часу ўзгадненне талерак і кандыцыянераў і колькі гэта каштуе?

“Праект на талерку каштуе 1 мільён, плюс штраф. Штраф ад 2 да 15 базавых велічынь, узгадненне бясплатна. Дакументы можна і за дзень сабраць, а можна і год”, — падлічваюць у Першамайскім раёне.

Атрымліваем яшчэ мільён за праект i штраф — мінімум у 200 тысяч рублёў!

А вось у адміністрацыі Ленінскага раёна разводзяць рукамі.

“Калі б людзі прыходзілі, мы б бачылі. А мо ўсе законна ўсталявалі?” — смяюцца і цешаць сябе надзеяй у аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва.

“Мо пару чалавек звярнулася”, — кажуць у Савецкім раёне. Сюды нават звярнуліся самыя законапаслухмяныя па ўзгадненне новай падлогі.

Цікаўлюся, можа чыноўніца сама ацаніла зручнасць усталёўкі талеркі ці падлогі. Але высвятляецца, што дзяржслужачая з гэтым справаў не мела.

“Талеркі няма, рамонтаў не рабіла. Але вы думаеце, чыноўнікам неяк па-іншаму трэба ўзгадняць? Камісія збіраецца два разы на месяц. Не паспеў падаць дакументы — і ўсе”.

Фота: belmarket.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі