У фантастычным матчы Турцыя перамагла Харватыю і выйшла ў 1/2 фінала

Зборная Турцыі выйграла ў чвэрцьфінальнай гульні чэмпіянату Еўропы ў каманды Харватыі. Гэта быў фантастычны матч, які працягваўся больш за дзве гадзіны - асноўны час, дадатковы і серыя пенальці. Асноўны час закончыўся ўнічыю 0:0. Больш шансаў забіць пераможны гол мелі тэхнічныя харваты, атакі якіх былі вастрэйшымі (аднойчы мяч патрапіў у перакладзіну). Але туркі адчайна абараняліся і рэдка, але небяспечна білі па варотах, падоўгу трымалі мяч у цэнтры поля.

У дадатковы час зборная Турцыі больш валодала мячом і атакавала, але харваты чакалі свайго шансу. На 119-й хвіліне памыліўся галкіпер туркаў, які неабачліва выйшаў з варотаў і не паспеў у іх вярнуцца - падача Лукі Модрыча ў варатарскую і Іван Красніч б'е ў пустыя вароты - 1:0.

Але харваты зарана сталі святкаваць перамогу і выхад у паўфінал. Ужо ў даданы час, на 122-й (!) хвіліне, калі ўсе чакалі фінальнага свістка, Семіх Шэнцюрк атрымаў мяч перад варотамі харватаў і дакладна стрэліў у "дзевятку" - 1:1.

Харваты, падаўленыя такім неспадзяваным фіналам дадатковага часу, былі дэмаралізаваныя. Туркі, наадварот, паверылі ў паўтарэнне цуда, якое яны ўжо здзейснілі ў групавым матчы з чэхамі.

У серыі пенальці зборная Турцыі перамагла з лікам 3:1. Адзін з удараў адбіў Рушцю Рэчбер, яшчэ два (!) разы харваты прабілі міма варот. Турцыя ў паўфінале! 25 чэрвеня ў Базэлі дружына Фаціха Церыма згуляе са зборнай Нямеччыны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі