“У гадзіну Каця тэлефанавала маці, у дзве — мужу, а ў тры яе не стала”

“У гадзіну Каця тэлефанавала маці, у дзве — мужу, а ў тры яе не стала”

5 красавіка ў маладзечанскай радзільні памерла 27 гадовая жанчына. Адбылося гэта ўначы праз некалькі гадзін пасля родаў. 

Як распавялі Еўрарадыё блізкія Кацярыны, роды ў яе прайшлі добра, у гадзіну ночы яна радасная тэлефанавала маці. У дзве ночы перапісвалася з мужам. Але ўжо а трэцяй гадзіне яе не стала. Прычына смерці невядомая, але медыкі патлумачылі сям’і, што здарыўся так званы анафілактычны шок.

"Дактары ўвялі прэпарат праз дзве гадзіны пасля родаў", — піша ў сацыяльных сетках муж жанчыны Андрэй.

У Кацярыны гэта былі не першыя роды. Разам з Андрэем дзяўчына выхоўвала 8-гадовую дачку ад свайго першага шлюбу. З другім мужам яна спрабавала зацяжарыць шэсць гадоў. Для гэтага прайшла праз складаную аперацыю. Ёй уводзілі безліч прэпаратаў, і арганізм ніколі адмоўна не рэагаваў. У вынікусёлета сям’я чакала дзіця. Блізкія Кацярыны перакананыя, што здарылася ўрачэбная памылка, што жанчыне ўвялі прэпарат эксперыментальным шляхам і недагледзелі яе ў палаце.

Паводле слоў сваякоў, у трагічную ноч дзяжурыла ўрач М., якая добра ведала Кацярыну. Раней пацыентка і медык перасякаліся падчас так званага захавання цяжарнасці. І Кацярына апісвала яе, як халатнага медыка, перадавала такія яе словы: “Як Бог дасць, так і будзе. Выкідыш — дык выкідыш. Мы, урачы, вашаму дзіцяці рукі не падставім”.

Немаўля нарадзілася здаровым. Назвалі яго Канстанцінам. Так яшчэ перад радзільняй вырашылі бацькі.

"З дзіцём усё добра, цьфу-цьфу-цьфу, у нас хлопчык і завуць яго Канстанцін! Мы гэта вырашылі, як толькі даведаліся пол, — піша Андрэй. — Будзем гадаваць з бабулямі, з братам жонкі і яго сям'ёй. У нас вялікая і дружная сям'я і мы клапоцімся адно пра аднаго”.

Па словах сталічнага гінеколага-акушэра Юліі, самыя распаўсюджаныя пасляродавыя ўскладненні, ад якіх можна памерці — кровацячэнне і гестоз.

"Калі жанчыне быў уведзены антыбіётык, то ў акушэрстве такіх антыбіётыкаў, якія б выклікалі гібель чалавека, я не ведаю, — разважае Юлія. — Анафілактычны шок — гэта не ўскладненне родаў ці цяжарнасці. Гэта алергічная рэакцыя арганізма. Ці жанчына не ведала пра наяўнасць у яе алергіі, ці па нейкай медыцынскай памылцы было недагледжана, што ў жанчыны маецца на нешта алергія. Але звычайна другі варыянт выключаецца, бо пры цяжарнасці ў жанчыны не аднойчы пытаюцца пра наяўнасць алергічных рэакцый на медыкаменты. Магчыма, проста жанчына не ведала пра наяўнасць у яе алергіі. З іншага боку, анафілактычны шок не ўзнікае адразу і не прыводзіць да шокавага стану. Часцей за ўсё, гэта паўторны кантакт з алергенам".

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у 2015-м годзе ў Беларусі афіцыйна не было зафіксавана выпадкаў смерці падчас родаў. Але 29 кастрычніка мінулага года ў той самай маладзечанскай радзільні не стала яшчэ адной жанчыны. Па папярэдняй версіі, у яе таксам быў анафілактычны шок.

Па факце смерці парадзіх Следчы Камітэт праводзіць праверку і чакае вынікаў экспертыз.

"Што тычыцца першага выпадку, мы чакаем вынікаў экспертыз. Наконт другога, Маладзечанскім аддзелам СК па дадзеным факце праводзіцца праверка, усебакова высвятляюцца абставіны таго, што адбылося", — распавядае прэс-сакратар СК Мінскай вобласці Таццяна Беланог.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі