У Гомелі расследуюць шматэпізодную крымінальную справу па наркотыках
Сярод падазраваных фігуруе 17-гадовая дзяўчына.
Следчы камітэт па Гомельскай вобласці пачаў расследаваць шматэпізодную крымінальную справу па незаконным абарачэнні наркотыкаў. Як паведамляецца на сайце Следчага камітэта, у справе фігуруюць пяць чалавек — гамельчукі 24 і 27 гадоў, жыхары Мінскага раёна 27 і 28 гадоў, а таксама 17-гадовая жыхарка Гомеля.
Непаўналетная знаходзіцца ў статусе падазраванай. Чатырох паўналетніх фігурантаў справы вінавацяць у незаконным набыцці і захоўванні наркотыкаў для асабістага спажывання. Гаворка ідзе пра 7,49 грама гашышу. Палімерныя пакеты з гэтым наркотыкам былі канфіскаваныя дома, на працы ў абвінавачаных і ў аўтамабілі.
Таксама высветлілася, што чацвёра мужчын маюць дачыненне да наркатычных "закладак" у Гомелі — не менш за 5,15 грама расліннага псіхатропнага рэчыва.
24-гадовага гамельчука падазраюць таксама ў гандлі наркотыкамі праз інтэрнэт. Гаворыцца пра 43,57 грама здробненага рэчыва расліннага паходжання.
Фота — anons.uz.ua