У Гомелі — страшны дэфіцыт цыгарэтаў: заканчваюцца нават айчынныя
Шмат якія маркі цыгарэтаў сталі знікаць у Гомелі яшчэ перад самым Новым годам.
Тады прадаўцы тлумачылі, што гэта звязана з будучым падаражаннем. Але пасля таго, як кошты прыкметна выраслі, прайшло ўжо амаль два тыдні, а цыгарэтаў больш не стала, піша сайт "Моцныя навіны".
У крамах кажуць, што цыгарэты не прывозяць — нібыта гэта звязана з падаражаннем. Па словах прадаўцоў, спачатку трэба распрадаць старыя запасы.
А ў прыватным тытунёвым шапіку праблему тлумачаць тым, што беларускія фабрыкі пакуль не працуюць — яшчэ не выйшлі з вакацый, падладжваючыся пад расійскіх партнёраў.
У некаторых невялікіх райцэнтрах Гомельшчыны сітуацыя з цыгарэтамі наогул катастрафічная: выбару няма практычна ніякага.
Фота — odsgomel.org