У Гомельскім раёне адстрэл бяздомных сабак даручылі паляўнічым
Сабака, ілюстрацыйнае фота
Бяздомных сабак у Гомельскім раёне будуць адстрэльваць паляўнічыя. Такое рашэнне прынялі ўлады раёна, заўважае "Флагшток".
"Па дамоўленасці з Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў патэнцыйна небяспечныя жывёлы адстрэльваюцца. Пра гэта папярэдне інфармуюцца мясцовыя жыхары, каб іх хатнія гадаванцы выпадкова не пацярпелі", — гаворыцца ў раённай газеце.
Журналіст "Флагштока", назваўшыся мясцовым жыхаром, затэлефанаваў у Зябраўскі сельвыканкам з просьбай назваць прававыя падставы для адстрэлу жывёлаў. Старшыня Яўген Нікіцін спаслаўся на рашэнне Гомельскага райвыканкама: "Калі парушаецца нейкая бяспека грамадзян, то гэта дазволена... Ёсць рашэнне райвыканкама. Як у нас было ў Цагельні — чалавека сабакі да смерці загрызлі... Гэта было 4 гады ці 5 таму".
У Нацыянальным рэестры прававых актаў адпаведнае рашэнне Гомельскага райвыканкама або савета дэпутатаў журналістам знайсці не ўдалося.
Каментуючы сітуацыю, спецыяліст арганізацыі "Экадом" выказаў меркаванне, што ўлады такім чынам хаваюць "нежаданне важдацца з прытулкамі, усыпленнем дый адсутнасць нармальных прытулкаў у рэгіёнах". Па яго словах, адстрэл бяздомных жывёлаў дазваляецца заканадаўствам толькі ў выключных выпадках.
"Але тут не падобна на выключны выпадак. Яны проста вырашылі ў сваім раёне забіць на правілы. Але нават у выключным выпадку гэтым не можа займацца хтосьці старонні, нават БТПР", — кажа спецыяліст "Экадома".
Адловам безнаглядных жывёл мусяць займацца брыгады, створаныя пры арганізацыях, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. У невялікіх населеных пунктах адловам могуць займацца брыгады з іншых гарадоў на дагаворнай аснове. Але нават агрэсіўных і падазраваных у шаленстве жывёлаў не адстрэльваюць, а часова ўсыпляюць.
На думку спецыяліста "Экадома", таварыства паляўнічых перавышае свае паўнамоцтвы: "БТПР зноў шмат на сябе бярэ: яны цяпер і колькасць мядзведзяў кантралююць, і сабак".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.