У Гродне асудзілі на смяротнае пакаранне забойцу трох прадаўшчыц
Гродзенскі абласны суд асудзіў на смяротнае пакаранне забойцу трох прадаўшчыц у Лідскім раёне. 28-гадовага жыхара Баранавіцкага раёна прызналі вінаватым у забойстве, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю. Як інфармуе БЕЛТА, абвіначаваны адмовіўся даць паказанні ў судзе. Ён не захацеў і выступаць з апошнім словам.
Як паведамляла Еўрарадыё, першае жорсткае забойства было здзейснена ў верасні 2013 года. Каля харчовай крамы на ўскраіне Ліды знайшлі целы дваіх прадаўшчыц (1968 і 1957 гадоў нараджэння) са шматлікімі цялеснымі пашкоджаннямі. З крамы былі скрадзеныя 35 мільёнаў рублёў і алкагольныя напоі. Па гарачых слядах забойцу затрымаць не ўдалося.
У лістападзе таго ж года ў вёсцы Сялец Лідскага раёна была забітая 44-гадовая прадаўшчыца. Яе ўдарылі тры разы абухом сякеры па галаве. Былі скрадзеныя больш за 5 мільёнаў рублёў, цыгарэты. Неўзабаве падазраванага затрымалі ў цягніку ў Дзятлаўскім раёне. 20 лістапада суд прызнаў абвінавачанага вінаватым і ў замаху на забойства сына прадаўшчыцы, які заспеў яго ў краме.
Абаронца прасіў улічыць "яўку з павіннай" і супрацоўніцтва са следствам мужчыны, прызначыць яму 25 гадоў зняволення. Аднак судовая калегія не пагадзілася.
Гэта другі за год смяротны прысуд у Беларусі, якая з'яўляецца апошняй краінай у Еўропе, дзе ёсць смяротнае пакаранне.
Фота: Fotolia