У Гродне нецвярозы кіроўца легкавіка пагражаў звольніць шафёра аўтобуса
У Гродне нецвярозы кіроўца легкавіка быў затрыманы пасля таго, як увязаўся ў канфлікт з кіроўцам маршрутнага аўтобуса. Як паведамляе ДАІ Гродзенскай вобласці, гэта здарылася ў пятніцу.
Кіроўца аўтобуса МАЗ звярнуў увагу на хаатычны рух легкавіка “Фольксваген” на вуліцы Айчыннай — машына то рэзка тармазіла, то віхляла па праезнай частцы. Калі аўтобус спыніўся, кіроўца легкавіка зрабіў тое ж самае і ўвайшоў у салон. Там пачаў пагражаць кіроўцу аўтобуса, што звольніць яго. Той адчуў пах алкаголю, зачыніў дзверы і на наступным прыпынку выклікаў ДАІ.
Медагляд паказаў, што ў аўтамабіліста ўтрыманне алкаголю ў крыві ўтрая перавышала гранічна дапушчальныя нормы. Ён не меў пры сабе правоў і рэгістрацыйных дакументаў на транспартны сродак. Даваць тлумачэнні і падпісваць пратаколы адмовіўся.