У Гродне паказалі больш 100 унікальных тэатральных лялек (фота)

У Гродне паказалі больш 100 унікальных тэатральных лялек (фота)

Больш за сто унікальных лялек, тэатральных дэкарацый і эскізаў ўбачылі жыхары Гродна ў гарадской выставачнай зале. 20 лістапада там адкрылася выстава, прымеркаваная да 35-годдзя абласнога тэатра лялек.

У свой дзень нараджэння тэатр паказаў гараджанам самыя лепшыя і папулярныя напрацоўкі. Былі прадстаўленыя лялькі, як з самых першых пастановак, так і самых папулярных спектакляў за апошнія пяць гадоў. Напрыклад, герояў "Вiй. Страшная помста", "Паляванне на зубра", "Трагедыя аб Макбеце", "Прыгоды Бібігона", "Самазабойца", "Сіндбад-мараход", "Балада пра белую вішню", "Хлопчык-зорка" і "Царэўна-жаба".

На выставе сабраныя здабыткі тэатра за 35 гадоў, сказаў галоўны рэжысёр тэатра лялек Алег Жугжда. Там прадстаўленыя работы майстроў, якія з самага адкрыцця супрацоўнічалі з тэатрам. У тым ліку апошнія працы галоўнага мастака Ларысы Мікінай-Прабадзяк, якая працуе там апошнія 15 гадоў.

У самім тэатры лялек да знамянальнай падзеі зладзілі выставу работ гродзенскіх мастакоў, а таксама правялі капуснік. Акрамя таго, у былым буфеце тэатра пачала працаваць новая гарадская кавярня "Шэкспір". Там няма інтэрнэту, наўзамен наведвальнікам прапануюць размаўляць ці чытаць кнігі з калекцыі тэатральнай кавярні.

Выстава экспанатаў тэатра лялек ў гарадской выставачнай зале будзе працаваць да 6 снежня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі