У Гродне прайшла беларуская дыктоўка памяці Ніла Гілевіча (фота)
Паўтары сотні гродзенцаў прынялі ўдзел у традыцыйнай дыктоўцы, якая зазвычай ладзіцца каля 25 сакавіка. Сёлета яна праходзіла ўжо дзявяты раз. Гэтым разам арганізатары выбралі твор Ніла Гілевіча, Народнага паэта, які так і не дажыў да свайго 85-годдзя. Тэкст зачытваў вядомы актор і бард Віктар Шалкевіч, які згадаў сумную нагоду у сваёй прадмове да публікі:
“Перажываць не трэба: усе мы рана ці позна пойдзем з гэтага свету — як аптымісты, так і песімісты. Усе пойдзем да Абрагама на піва… Тым не менш, жыццё творцы толькі пачынаецца пасля яго смерці. І наколькі яно будзе доўгім, будзе залежаць ад таго, ці будзем мы памятаць і чытаць творы Ніла Сымонавіча.”
Прафесар Аляксей Пяткевіч, які таксама выступіў падчас дыктоўкі, адзначыў, што творы Гілевіча яшчэ доўга будуць “саграваць беларускі дух”. Народны паэт, паводле Пяткевіча, можа не падабацца сучасным мадэрністам, але ён усё жыццё заставаўся верным народнай маралі, эстэтыцы і культуры, што ёсць нагодай для агульнанацыянальнай пашаны.
Нагадаем, што беларуская дыктоўка ладзіцца ў Гродне з 2008 года. За гэты час тэксты на ёй чыталі Данута Бічэль, Зінаіда Бандарэнка, Генадзь Бураўкін і іншыя. Віктар Шалкевіч у гэтай ролі выступае ўжо другі раз.