У Гродне сям'ю затрымалі падчас прагулкі. Дзіця засталося адно на вуліцы

Затрыманні ў Гродне / Sputnik
Затрыманні ў Гродне / Sputnik

9 жніўня ў Гродне сямейную пару падчас прагулкі з дзіцем запіхалі ў мікрааўтобус і павезлі ў РАУС амаль на суткі. 8-гадовая Саша засталася адна на вуліцы без бацькоў. Святлана Кузняцова расказала Еўрарадыё, як гэта адбывалася.

— Каля васьмі вечара я з мужам сабралася ў краму па прадукты. Дзіця пайшло з намі. Узялі самакат, каб пакатацца на пляцоўцы школы №27. Калі прыйшлі туды, убачылі каля ганка ўстановы людзей, нязгодных з падлікам галасоў. Мы ў гэтым не ўдзельнічалі, але літаральна адразу ж да нас падбеглі амапаўцы, запіхалі нас з мужам у розныя бусы і павезлі, — расказвае Святлана.

Перад затрыманнем жанчына паспела крыкнуць дачцэ, каб яна бегла дадому. У мікрааўтобусе Святлана пачала тэлефанаваць сваёй сяброўцы з просьбай забраць Сашу і пасядзець з ёй дома. Амапаўцы спрабавалі адабраць у яе тэлефон.

— Муж расказваў, што яго абражалі матам, пакуль везлі ў РАУС. Я старалася сядзець ціха, мяне везлі пяць амапаўцаў. Прывезлі ў РАУС на вуліцу Гая. Там былі і іншыя затрыманыя жанчыны, нават турысткі з Польшчы. Нас адвялі ў пакой агляду, прымусілі раздзецца цалкам, тры разы прысядаць, каб агледзець нас. Забралі бюстгальтары. Потым адправілі ўсіх у памяшканне, напэўна, для прагулак зняволеных. Гэта значыць, гэта было на адкрытым паветры, але за кратамі, — апісвае сітуацыю Святлана.

— Колькі часу вы там знаходзіліся?

— Нас трымалі там усю ноч! Мы прасілі вады, нам кінулі дзве "паўтарашкі". Сядзелі на халодным асфальце, замярзалі. Нам вынеслі праз нейкі час матрацы, імі мы накрываліся. Ляжалі блізка адна да адной, каб сагрэцца хоць неяк. Каля 5-6 раніцы пачалі па пару чалавек забіраць для складання пратакола.

Пасля гэтага ўсіх затрыманых адправілі ў ізалятар. Там Святлана і яшчэ 11 затрыманых жанчын знаходзіліся з 6 раніцы да 5 вечара.

— Там было невыносна душна, мы па чарзе сядзелі, ляжалі на цвёрдых нарах. Чакалі, пакуль прыйдуць суддзі. Калі мяне выклікалі, я перш за ўсё спытала, за што мяне забралі. Абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Маўляў, мы ж павінны былі ведаць, што адбываецца ў школе. Хоць я тлумачыла, што нават інтэрнэту няма! Нам з мужам у выніку далі па 10 базавых штраф. Я напісала, што не згодная з пратаколам. Муж таксама.

Святлана і яе муж правялі ў РАУС каля 22 гадзін. Калі яны выходзілі адтуль, іх сустрэлі жыхары Гродна, апладзіравалі і прапаноўвалі дапамогу.

— Я хвалявалася за дзіця вельмі. Саша дабралася дадому, сяброўка прыехала да нас начаваць, тэлефанавала ўсюды, спрабавала нас знайсці. Ёй сказалі, што пратрымаюць пару гадзін, а ў выніку прайшлі амаль цэлыя суткі, — дадае суразмоўніца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі