У Гродне ў 18-ы раз выставяць на продаж былы Дом афіцэраў
У Гродне чарговы, ужо 18-ы раз выставяць на продаж былы Дом афіцэраў. Будынак на вуліцы Ажэшкі беспаспяхова спрабуе прадаць Камітэт дзяржаўнай маёмасці. Каштуе пабудова 1 259 785 рублёў.
Новы ўласнік мусіць правесці капітальны рамонт (рэканструкцыю) і ўвесці будынак у эксплуатацыю не пазаней як праз чатыры гады ад дня заключэння дамовы куплі-продажу. Сярод абавязковых умоў пры набыцці будынка — падпісанне ахоўнага абавязацельства на матэрыяльную нерухомую гісторыка-культурную каштоўнасць.
Заяўкі на аўкцыён прымаюцца да 16:00 2 лістапада. Аўкцыён адбудзецца 8 лістапада ў 15:00, піша "Будзьма".
Першы камень у падмурак будучага "Doma Strzelca" ў стылі польскага канструктывізму ў 1930 годзе заклаў тагачасны прэзідэнт Польшчы. У верасні 1939 года ад савецкіх войскаў тут абараняліся вучні польскіх гімназій, некаторых з якіх пазней расстралялі.
У 1965 годзе было прынята рашэнне аб зносе некаторых будынкаў у акрузе і прыбудове да Дома афіцэраў канцэртнай залы на 800 чалавек. Яе ўзвялі ў 1973 годзе. Доўгі час яна з’яўлялася галоўнай канцэртнай пляцоўкай у Гродне з самай вялікай сцэнай у горадзе. Яшчэ нядаўна ў будынку адбываліся канцэрты гродзенскіх рок-гуртоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.