У Гродзенскай вобласці запусцяць праект “Чытаем па-беларуску з velcom”

У Гродзенскай вобласці запусцяць праект “Чытаем па-беларуску з velcom”

У 25 школах Гродзенскай вобласці пройдуць спецыяльныя ўрокі сацыяльнага адукацыйнага праекта па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры "Чытаем па-беларуску з velcom".

У школы і гімназіі Гродна, Ліды, Слоніма, Ваўкавыска, Смаргоні і Навагрудка прыедуць вядомыя беларускія пісьменнікі і тэлевядучыя. Спецыяльны ўрок праекта адбудзецца ў гарадзенскім Новым замку 16 лістапада — ён будзе прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, якое адзначаецца 9 снежня. У горадзе над Нёманам класік беларускай літаратуры пражыў некалькі гадоў.

За год існавання праекта "Чытаем па-беларуску з velcom", які рэалізуецца кампаніяй сотавай сувязі Velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, незвычайныя інтэрактыўныя ўрокі прайшлі ў 80 школах Мінска, Гомельшчыны і Брэстчыны.

Пастаяннымі настаўнікамі на такіх уроках для вучняў 2-3-х класаў выступаюць пісьменнікі, паэты і акцёры: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юрый Жыгамонт, Алена Масла, Наталля Бучынская. Таксама настаўнікамі праекта часта становяцца беларускія спартсмены, акцёры і тэлевядучыя.

Чакаецца, што да канца гэтага навучальнага года праект ахопіць каля 150 школ і больш за 20 тыс. вучняў па ўсёй Беларусі. Арганізатары кампаніі адгукаюцца на запыты аб правядзенні ўрокаў ад устаноў адукацыі. Так, у Гродзенскай вобласці каманда праекта наведае вясковую беларускамоўную школу ў аграгарадку Квасоўка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі