У хакейную зборную Беларусі выклікалі Плата, але не выклікалі Бэйлена

Джэф Плат.
Джэф Плат.

Форвард ЦСКА, натуралізаваны канадзец Джэф Плат выкліканы ў зборную Беларусі на лістападаўскі этап "Еўравыкліку". Пра гэта са спасылкай на тэлеканал "Беларусь 5" піша TUT.by.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Дэйв Льюіс адзначыў, што выклік Плата абумоўлены недахопам гульнявой практыкі ў клубе, дзе хакеіст не гуляе з 5 кастрычніка.

Нядаўна Люіс адзначаў, што Плат сам настойліва прасіўся ў зборную Беларусі.

Джэф Плат выступаў за зборную Беларусі на двух чэмпіянатах свету (2014, 2016), набраўшы 10 (6+4) ачкоў у 15 паядынках. Ён таксама выступаў у фінале алімпійскай кваліфікацыі да Гульняў-2018, дзе беларусы на лёдзе "Мінск-Арэны" ў серыі пасляматчавых булітаў саступілі пуцёўку ў Пхёнчхан зборнай Славеніі. У 3 гульнях Плат набраў 2 (0+2) ачкі, а ў авертайме вырашальнага паядынку са Славеніяй упусціў выгадны шанец для ўзяцця варот, якое вывела б Беларусь на Алімпіяду.

У той жа час, натуралізаваны амерыканец Нік Бэйлен на лістападаўскі трэніравальны збор не запрошаны. Як адзначыў Дэйв Льюіс, трэнерскаму штабу вядомыя магчымасці абаронцы "Трактара", таму шанец праявіць сябе атрымаюць маладыя гульцы.

Вучэбна-трэніровачны збор стартуе 6 лістапада на лёдзе "Мінск-Арэны". 7 лістапада каманда адправіцца ў французскі Сержы, дзе згуляе са зборнымі Францыі, Латвіі і Славеніі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі