У ХАМАС пагражаюць забіваць закладнікаў за атакі на Газе без папярэджання

Выбухі ў Газе

Выбухі ў Газе / Reuters

Мінулай ноччу самалёты і караблі Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) атакавалі мноства аб'ектаў ХАМАС па ўсім сектары Газы, паведамляе прэс-служба ЦАХАЛа. Былі дасягнуты больш за 200 цэляў у ваколіцах Рымаля і Хан-Юніса, у тым ліку размешчаны ў мячэці склад зброі, інфраструктура, якой карыстаўся адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў арганізацыі ХАМАС, і некалькі аператыўных штабоў.

На поўдні Ізраіля, дзе адбыўся напад ХАМАС, ізраільскія войскі вярнулі кантроль над тэрыторыямі, якія былі захопленыя палестынцамі. Але асобныя сутыкненні працягваюцца і тут.

Тым часам прадстаўнік ХАМАСа Абу Убайда напярэдадні заявіў, што яго рух гатовы пакараць смерцю ізраільскіх закладнікаў — за кожны выбух Ізраілем грамадзянскага дома ў Газе без папярэджання будуць забіваць ізраільскага палоннага, а пакаранне смерцю будуць трансляваць. Учора ізраільскай рэакцыі на гэтыя словы не было, піша Reuters. Раней міністр замежных спраў Ізраіля Элі Коэн заявіў, што ў палон да ХАМАС трапілі больш за 100 чалавек.

Колькасць загінулых ізраільцян у выніку нападу ХАМАС узрасла да 900, яшчэ прынамсі 2600 атрымалі раненні і дзясяткі ўзятыя ў палон, паведамляюць ізраільскія тэлеканалы. Прынамсі целы 100 загінулых ізраільцян выявілі валанцёры ў кібуцы Беэры, паведамляе The Times of Israel. Гэты кібуц размешчаны недалёка ад мяжы з сектарам Газа. Усяго тут пражывалі каля тысячы чалавек. Па словах аднаго з мясцовых жыхароў, кібуц быў цалкам разбураны ў выніку нападу баевікоў ХАМАС.

У Газе з суботы ў выніку удараў у адказ загінулі па меншай меры 687 палестынцаў і 3726 былі параненыя. Гэта дадзеныя Міністэрства аховы здароўя Газы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі