У крамах і рэстаранах будуць уключаць беларускую музыку
Беларускую музыку будуць уключаць фонам у крамах і рэстаранах
У Беларусі зацведзілі Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024-2026 гады. Адпаведную пастанову №961 Савет міністраў прыняў 28 снежня 2023 года, паведамляецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Сцвярджаецца, што Канцэпцыя накіраваная на ўсебаковую падтрымку развіцця культуры Беларусі, забеспячэнне культурнай бяспекі, абарону нацыянальнай культурнай прасторы, а таксама захаванне і зацвярджэнне традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа. Не абышлося, вядома, без "фармавання патрыятычных перакананняў і грамадзянскай адказнасці".
Дзеля папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны і нацыянальных традыцый ды звычаяў плануецца:
"— павялічыць ахоп насельніцтва Рэспублікі Беларусь мерапрыемствамі, якія фармуюць патрыятычныя каштоўнасныя арыентацыі;
— папулярызаваць падзеі і асобы, якія ўнеслі значны ўклад у станаўленне беларускай дзяржаўнасці;
— рэалізоўваць мерапрыемствы па павышэнні культуры вуснай і пісьмовай мовы на дзяржаўных мовах у дзяржустановах, арганізацыях гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, СМІ;
— укараняць у працу ўстаноў і арганізацый усіх формаў уласнасці практыкі святкавання дзяржаўных і сучасных беларускіх святаў, праводзіць грамадзянскія рытуалы з выкарыстаннем нацыянальных традыцый;
— далучаць адрэстаўраваныя і закансерваваныя гісторыка-культурныя каштоўнасці ў культурны і турыстычны абарот".
У дакуменце гаворыцца пра спектаклі і канцэрты па творах беларускіх аўтараў, экранізацыю твораз беларускай літаратуры, стварэнне інтэрнэт-рэсурсаў для папулярызацыі беларускай культуры, літаратуры і мастацтва, а таксама пра "адмову ад святаў, навязаных звонку".
Сярод напрамкаў дзейнасці называюцца аблічбоўка музейных калекцый і гістарычных дакументаў, фармаванне лічбавага фонду і электронных калекцый дакументаў у бібліятэках, распрацоўка мультымедыйных інтэрнэт-праектаў і г.д.
У якасці канкрэтных захадаў, напрыклад, называюцца:
"— стымуляванне вытворчасці тавараў з выкарыстаннем беларускай культурнай сімволікі;
— стварэнне назваў і распрацоўка сімволікі новых марак і брэндаў тавараў з улікам мясцовых культурных асаблівасцяў;
— арганізацыя гучання ў гандлёвых аб'ектах і аб'ектах грамадскага харчавання ў якасці фонавай музыкі лепшых твораў беларускіх аўтараў і выканаўцаў;
— стварэнне сямейных маршрутаў і праграм для турыстаў, накіраваных на іх знаёмства з мясцовай культурай і гісторыяй".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.