У Лідскім раёне сабака загрыз сваю гаспадыню
Жанчына жыла каля чыгуначнай станцыі
У Лідскім раёне сабака насмерць загрыз пенсіянерку. Трагічнае здарэнне адбылося ўвечары 27 траўня каля чыгуначнай станцыі Гутна.
Хуткую выклікаў відавочца. Ён расказаў, што жанчыну пакусаў сабака, і з ран — моцны крывацёк. У яе былі раны на нагах, на правай кісці сабака адкусіў адзін з пальцаў. Пацярпелая ад атрыманых траўмаў памерла на месцы здарэння.
Як паведамляе БЕЛТА, жанчына 1952 года нараджэння. Яна была гаспадыняй сабакі, які на яе напаў.
Следчы камітэт удакладняе, што беспародны сабака пакусаў 71-гадовую жанчыну ў двары яе дома. Адагнаць жывёлу змагла сяброўка пацярпелай. Медыкі канстатавалі яе смерць.
Сабака доўгі час жыў у жанчыны. Яна баялася жывёлы з-за агрэсіўных паводзін, раней сабака ўжо кусаў гаспадыню.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.