У Лідзе кіроўца легкавіка “дагнаў” малакавоз (фота)
У Лідзе раніцай 6 кастрычніка адбылася дарожна-транспартная аварыя з удзелам легкавіка “Мерседэс” з транзітнымі нумарамі і малакавоза ГАЗ. Машыны ішлі ў спадарожным кірунку па аб’язной дарозе: грузавік быў спераду, а легкавік ехаў за ім. У пэўны момант “Мерседэс” дагнаў цыстэрну і ўехаў у яе заднюю частку.
Кіроўца легкавіка не быў прышпілены рэмнем бяспекі, таму ад удару разбіў галавой лабавое шкло. Аднак яго траўмы былі нязначнымі. Ён нават пайшоў да кіроўцы ГАЗа дамаўляцца, каб той не выклікаў ДАІ. Калі ж мужчына не пагадзіўся і пайшоў у кабіну па тэлефон, кіроўца легкавіка ўцёк.
Праваахоўнікі знайшлі вінаватага з дарожным здарэнні ў яго дома — 37-гадовы мужчына сказаў, што нібыта спаў. Экспертыза паказала 1,58 праміле алкаголю ў яго крыві. Праўда, няўдачлівы кіроўца сцвярджаў, што выпіў спіртное ўжо дома, пасля здарэння.
Але гэта не ўратавала яго ад штрафу і пазбаўлення правоў на тры гады. Сукупная сума штрафаў за ўсе парушэнні склала каля 30 мільёнаў рублёў, піша “Лідская газета”.
Фота: "Лідская газета"