У Магілёве чакаецца суд над жанчынай, якая прадстаўлялася палкоўнікам міліцыі
У Магілёве чакаецца суд над 43-гадовай жанчынай, якая прадстаўлялася палкоўнікам міліцыі. Яе абвінавачваюць у махлярстве, здзейсненым у асабліва вялікім памеры, у падбухторванні да дачы хабару і самавольным прысваенні звання службовай асобы. Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, на працягу амаль трох гадоў абвінавачаная ўводзіла ў зман людзей. Яна пераконвала іх, што мае доступ да розных канфіскаваных кватэр, аўтамабіляў, бытавой тэхнікі і гатовая яе прадаць па кошце, заніжаным у дзясяткі разоў. Для таго, каб у “кліентаў” не было сумненняў у яе адносінах да праваахоўных органаў, жанчына прызначала сустрэчы каля адміністрацыйных будынкаў міліцыі і мытні. Пры гэтым была апранутая ў форму афіцэра органаў унутраных спраў.
Зламысніца брала ў людзей вялікія сумы грошай (у беларускіх рублях і ў доларах), але абяцанай маёмасці яны не атрымлівалі. Толькі ў аднаго пацярпелага яна ўзяла 200 тысяч долараў. Лжэпалкоўнік схіляла некаторых грамадзян да дачы хабару службовым асобам для атрымання пасведчання кіроўцы ці для працаўладкавання ў ДАІ, хаця і не збіралася гэтыя справы залагоджваць. Збірала яна таксама грошы, нібыта, на арганізацыю пахаванняў блізкіх сваякоў чыноўнікаў. Атрымала 5 тысяч долараў да “лячэнне” ад агнястрэльнага ранення, якога ніколі не было. Агульная сума, якой завалодала жанчына, ацэньваецца на суму больш за 720 тысяч рублёў. Дарэчы, затрыманне адбылося ў красавіку сёлета момант, калі адбывалася перадача хабару ў памеры 10 тысяч долараў, нібыта, для суддзі.
Раней жанчына неаднаразова трапляла за краты за здзяйсненне аналагічных злачынстваў. Дзейнічала яна нахабна, свабодна ездзіла па Магілёве ў міліцэйскай форме і не выклікала падазрэнняў. Следчы камітэт завяршыў расследаванне справы, цяпер яна ў пракурора, а пасля мусіць трапіць у суд.