У Магілёве скончыў жыццё самагубствам палітвязень Дзмітрый Дудойць
У Магілёве скончыў жыццё самагубствам палітвязень Дзмітрый Дудойць са Смаргоні, паведамляюць праваабаронцы. У кастрычніку 2021-га ён быў асуджаны на 2 гады абмежавання волі ("хіміі") з адбыццём пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу за каментар пра начальніка ганцавіцкай міліцыі Віталя Куляшова. 5 студзеня Дудойць вяртаўся з паліклінікі ў Магілёве без суправаджэння (па іншай інфармацыі, быў не адзін), скокнуў з маста і разбіўся. Яму было 43 гады. На "хіміі" ён правёў тыдзень.
Дзмітрый Дудойць судом Смаргонскага раёна быў прызнаны вінаватым у "знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненай ў інфармацыі, якая размешчана ў сетцы інтэрнэт" (арт. 369 КК РБ). У чэрвені 2020 года ў “Аднакласніках” на старонцы апазіцыянеркі Вольгі Карач мужчына з дапамогай ненарматыўнай лексікі даў характарыстыку міліцэйскаму начальніку. Прысуд агучыў суддзя Сяргей Боландзь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.