У Маладзечне хулігана знайшлі па слядах на снезе
У Маладзечне хулігана знайшлі па слядах на снезе. Уначы 26 студзеня на вуліцы Вялікі Гасцінец мужчына пашкодзіў чужы аўтамабіль, ударыў яго гаспадыню і ўцёк. 21-гадовая пацярпелая звярнулася ў міліцыю. Паводле яе слоў, яна прапусціла пешахода, а калі працягнула рух, ён ударыў па машыне. Калі абураная дзяўчына выйшла з аўтамабіля, мужчына ўдарыў і яе.
Як інфармуе сайт sb.by, міліцыянеры пайшлі па слядах на снезе, якія пакінуў зламыснік. Так яны і знайшлі яго. Хуліганам аказаўся 34-гадовы мясцовы жыхар. Патлумачыць свой учынак ён не змог, паколькі быў у нецвярозым стане.
На наступны дзень высветлілася, што згаданы мужчына ў той вечар пашкодзіў яшчэ і шкляныя дзверы ў рэстаране хуткага харчавання. Спачатку паступіла заява ў міліцыю. Праваахоўнікі пачалі праглядаць відэазапісы і пазналі таго самага хулігана. У дачыненні затрыманага распачалі дзве крымінальныя справы — па фактах хуліганства і псавання маёмасці.