У мазырчука канфіскавалі 150 шакаладных цукерак з псіхатропамі
Цукеркі з псіхатропным начыннем мужчына "ўпрыгожваў" зверху пасыпкай з марыхуаны.
Супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі напрыканцы лютага затрымалі 31-гадовага жыхара Мазыра, які ўжо меў судзімасць. Мужчыну затрымалі па падазрэнні ў незаконным абарачэнні наркатычных сродкаў. У яго канфіскавалі 150 шакаладных цукерак вагой у паўтара кілаграма.
Усярэдзіне цукерак былі псіхатропныя рэчывы, піша БелаПАН. Як выявілася, мужчына вырабляў з шакаладу цукеркі і насычаў іх псіхатропамі. Зверху ён дадаваў дэкаратыўную "прысыпку" — марыхуану. У запісах затрыманага праваахоўнікі знайшлі назву цукерак — "штучны сінтэзаваны аналаг канопляў".
На думку міліцыянтаў, партыя цукерак у 150 штук можа сведчыць, што тавар прызначаўся для продажу. Вядзецца следства.
Ілюстрацыйнае фота — unitedfoods.ua