У Мінск прыбыў новы амбасадар Кыргызстана
Тры гады ў Беларусі не было дыппрадстаўніка гэтай краіны.
Новы амбасадар Кыргызстана ў Беларусі Кубанычбек Амураліеў прыбыў у Мінск. Пра гэта БелаПАН паведамляе са спасылкай на амбасаду гэтай краіны.
Кандыдатуру Амураліева зацвердзіў кыргызскі парламент 19 траўня, а 22 траўня прэзідэнт Алмазбек Атамбаеў падпісаў прызначэнне. Такім чынам, кіраўнік кыргызскай дыпмісіі зноў будзе працаваць у Мінску пасля амаль трохгадовага перапынку.
Кыргызстан адклікаў свайго амбасадара ў жніўні 2012 года. Гэта адбылося пасля таго, як у інтэрнэт трапіў здымак Жаныбека Бакіева, брата адхіленага ад улады прэзідэнта Курманбека Бакіева. Фота Жаныбека было зробленае ў Мінску, што выклікала скандал. Кыргызскія ўлады запатрабавалі яго затрымання і экстрадыцыі, бо браты Бакіевы знаходзяцца ў міжнародным вышуку, але афіцыйны Мінск не адрэагаваў на гэтыя патрабаванні.
Бішкек працягвае дамагацца выдачы Бакіевых. Сёлета ў лютым МЗС дзвюх краінаў абмяняліся на гэты конт рэзкімі выказваннямі. Гэта адбылося пасля забойства ў Мінску крымінальнага аўтарытэта з Кыргызстана. У Бішкеку былі перакананыя, што за забойствам стаіць сям’я Бакіевых.
Фота: akipress.org