У мінскіх школьнікаў сталі забіраць мабільнікі пасля скандалу ў Гомелі

У мінскіх школьнікаў сталі забіраць мабільнікі пасля скандалу ў Гомелі

19 верасня ў некаторых мінскіх школах заняткі пачаліся з інфармацыйнай гадзіны. Падчас яе школьнікам паведамілі, што фота- і відэаздымкі ў школах цяпер забароненыя. Мабільныя тэлефоны вучні павінны здаваць на пачатку дня класнаму кіраўніку. Прычым кожны вучань мусіў распісацца, што азнаёмлены з гэтым патрабаваннем, паведамляе TUT.by.

Школьнікі лічаць, што забарона звязаная з гомельскай гісторыяй, калі вучні знялі настаўніцу, якая лаецца матам, на відэа і выклалі ў інтэрнэт. 

Мінчанка Вольга распавядае: "Дзяцей сабралі ў актавай зале, разабралі з імі гомельскі скандал. Па словах дзіцяці, ім сказалі, што трэба паводзіць сябе добра, бо калі будзе паводзіць сябе дрэнна, то настаўнік сарвецца, і настаўніку цяпер за гэта нічога не будзе. Акрамя таго, дзецям паведамілі, што фота- і відэаздымкі ў сценах школы забароненыя. А калі падчас урокаў ўбачаць мабільны тэлефон, то яго адбяруць".

Аднак у Міністэрстве адукацыі падкрэсліваюць, што забарона на мабільнікі была выдадзеная яшчэ ў сакавіку, але не ўсе яе выконвалі. 

"Тэлефоны былі забароненыя яшчэ тады, але не ўсе выконваюць загад, не выконваюць патрабаванні. Перад пачаткам урока дзеці павінны пакідаць тэлефоны ў скрынках, але, калі гэта неабходна для навучальнага працэсу, могуць скарыстацца", — тлумачыць прэс-сакратар Мінадукацыі Людміла Высоцкая.

Яна кажа, што кожная школа самастойна вызначае, якім чынам будзе забіраць у вучняў мабільнікі. Пра тое, што школьнікі нешта падпісваюць, яна чуе ўпершыню. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі