У мінскім аэрапорце Ганну Гуськову сустракалі з караваем, аркестрам і плакатамі
У мінскім аэрапорце Ганну Гуськову сустракалі з караваем, аркестрам і плакатамі. 22 лютага ў Беларусь з Алімпіяды вярнуліся фрыстайлісты, у тым ліку і алімпійская чэмпіёнка. Сабралося больш за 200 чалавек. Гуськова выглядала крыху разгубленай. Вельмі хутка сышоў Антон Кушнір, які на Алімпійскіх гульнях не трапіў у фінал, беларускі бок заявіў, што яго нахабна засудзілі. Сумнай выглядала Ала Цупер, якая была зусім блізка да алімпійскага медаля, але няўдалае прызямленне ў суперфінале гэтую надзею перакрэсліла.
Гуськова: "Занадта нязвыкла, хвалююча, столькі людзей акружае, пакуль яшчэ незразумелае стан. Напэўна, не паверыла яшчэ. Усё як звычайна, такое пачуццё, што і не выступалі на Алімпійскіх гульнях. Мне хочацца адпачыць, маральна адпачыць".
У Алімпійскай вёсцы, па словах Ганны, дні праляталі хутка, таму што спартсмены пастаянна трэніраваліся. "Ежы было вельмі шмат, на любы густ, столькі кухняў!", — кажа яна.
На алімпійскае золата спартсменка не разлічвала. Кажа, што проста выконвала сваю праграму на сто адсоткаў. Трэніроўкі Гуськова плануе працягнуць ужо ў бліжэйшы час, але спачатку збіраецца гэта абмеркаваць з трэнерамі. Чэмпіёнка мяркуе, што суддзі высока ацанілі яе фінальны выступ на Алімпіядзе з-за вялікага каэфіцыента складанасці скачка. Гуськова адзіная прыгала трайное сальта са складанасцю 3800.
Першымі Ганну павіншавалі бацькі і сябры, а потым, па словах дзяўчыны, у яе было адчуванне, быццам уся Беларусь радуецца разам з ёй.
Пра асабістае Ганна Гуськова не гаворыць: "Свой хатні куток ўсё-такі свой хатні куток. Навошта гэта ўсё выстаўляць? Калі цябе чакаюць дома — гэта выдатна. А агучваць гэта... Ну, навошта?”.