У мінскім аэрапорце затрымалі вылеты некалькіх самалётаў
Табло вылетаў ў нацыянальным аэрапорце "Мінск" / Марыя Калеснікава, Еўрарадыё
У сераду, 23 кастрычніка, у нацыянальным аэрапорце "Мінск" адбылася затрымка вылетаў самалётаў у Лондан, Берлін, Прагу, Франкфурт і Кіеў. Ранішні рэйс у кіеўскі аэрапорт "Барыспаль" на 07:00 вылецеў толькі ў 12:00 па мінскім часе. Затрымка астатніх вылетаў склала каля паўгадзіны.
У аэрапорце па гучнай сувязі пасажырам абвясцілі, што вылеты затрымліваюцца "у сувязі з закрыццём паветранай прасторы", паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё.
У мінскім аэрапорце сказалі, што не могуць назваць прычыну закрыцця паветранай прасторы, і параілі звярнуцца ў "Белаэранавігацыю", дадаўшы, што "аэрапорт працуе ў штатным рэжыме".
У прэс-службе "Белавія" сказалі, што 30 хвілін гэта яшчэ не затрымка і вылеты спазняюцца на 30 хвілін з-за пасажыраў: "Мы чакаем на гэтыя рэйсы пасажыраў, якія спазняюцца".