У Мінску абмеркавалі пытанне абмену палоннымі на Данбасе

У аўторак, 19 траўня ў Мінску засядалі дзве падгрупы кантактнай групы па мірным урэгуляванні ва Украіне — па бяспецы і гуманітарных пытаннях. Як інфармуе БелаПАН, пытанне абмену палоннымі на Данбасе паміж украінскімі сілавікамі і сепаратыстамі абмяркоўвалася ў фармаце абмену "ўсіх на ўсіх". Пра гэта заявіў каардынатар падгрупы па гуманітарных пытаннях Тоні Фрыш.

Паводле яго слоў, кожны з бакоў прыняў інфармацыю да ведама, пярэчанняў не было. Пытанні абмену палоннымі абмяркоўваліся працяглы час і даволі падрабязна. "Нашыя высілкі зводзяцца да таго, каб гэты абмен мог праходзіць эфектыўна", — сказаў Фрыш.

Дата наступнага паседжання падгрупы па гуманітарных пытаннях пакуль не вызначана.

Нагадаем, кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе апошні раз збіралася ў Мінску 6 траўня. Тады і было вырашана, што пачнецца праца падгруп па бяспецы, палітычным, эканамічным і гуманітарным складніках мінскага пагаднення, а каардынатарамі гэтых падгруп стануць прадстаўнікі АБСЕ. На мінулым тыдні ў Мінску збіралася эканамічная падгрупа, абмяркоўваліся пытанні выплаты пенсій і аднаўлення банкаўскай сістэмы на Данбасе.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі