У Мінску агучаныя прысуды па наркагандлярскай "справе сямнаццаці"
Мінгарсуд 13 снежня абвясціў прысуды па справе буйной наркасеткі. Галоўнаму фігуранту справы — 31-гадоваму мінчуку Канстанціну Вілюгу прысудзілі 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, перадае БелаПАН.
Пад судом, які цягнуўся з 29 лютага, знаходзіліся 17 абвінавачаных. Следства паведаміла, што наркасетка дзейнічала не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі з 2011 па 2014 гады. Анлайн-крама па продажы спачатку дазволеных, а затым забароненых рэчываў называлася LegalMinsk.
Былым супрацоўнікам КДБ Ігару Карыцкаму і Дзмітрыю Вераценскаму суд прызначыў 14 і 15 гадоў пазбаўлення волі адпаведна; былому супрацоўніку ГУБАЗіК МУС Канстанціну Дзенісевічу прызначана 14 гадоў пазбаўлення волі. Усе трое пазбаўленыя спецыяльных званняў.
Былую дзяўчыну Вілюгі, 27-гадовую Ірыну Семяняка асудзілі на 16 гадоў пазбаўлення волі, арганізатара злачыннай групы ў Мінску Аліну Церагеру — да 18 гадоў, яе былога хлопца Яўгена Цімахоўцава — да 16 гадоў.
Значныя тэрміны атрымалі і распаўсюднікі, якія працавалі ў расійскіх філіялах. Андрэй Працэвіч быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі, Фёдар Бухавец — на 12 гадоў, Марат Багель — на 8 гадоў.
За распаўсюд спайсаў у Беларусі Дзмітрый Гаўрык асуджаны на 17 гадоў 3 месяцы пазбаўлення волі, Антон Марозаў — на 12 гадоў, Віталь Міхайлоўскі — на 16 гадоў, Максім Гайдук — на 15 гадоў.
Двум асуджаным прызначылі прымусовае лячэнне ад наркаманіі. Таая мера прызначаная Сяргею Дамашкевічу, асуджанаму на 12 гадоў калоніі, і Фёдару Страбкову, прысуджанаму да 2 гадоў пазбаўлення волі. Паведамляецца, што іх судзілі за адну дозу наркотыка, якую яны абодва ўжылі.
Найбольш мякка пакараны 28-гадовы Фёдар Артамонаў, у якога пры затрыманні выявілі псіхатроп. Малады чалавек паведаміў, што набыў рэчыва для асабістых мэтаў. Яго асудзілі на чатыры гады абмежавання волі.
Таксама суд вырашыў канфіскаваць маёмасць большасці фігурантаў справы. На карысць дзяржавы з асуджаных спагоняць і даход, атрыманы злачынным шляхам: паводле інфармацыі следства, гаворка ідзе прыкладна пра 1,6 млн долараў.
Большасць абвінавачаных сваю віну не прызналі. Яны маюць права абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе.