У Мінску будуць судзіць кантралёраў, якія адпускалі "зайцоў" без пратаколаў
Фігурантамі крымінальнай справы аб злоўжыванні паўнамоцтвамі сталі тры кантралёры / sb.by
Трое кантралёраў грамадскага транспарту сталі фігурантамі крымінальнай справы аб карупцыі. Іх будуць судзіць па факце злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, распавялі ва УСК па Мінску
Па справе праходзяць тры чалавекі, мужчына 57-мі гадоў і дзве жанчыны 46 і 51 года. Па дадзеных следства, яны перыядычна адпускалі "зайцоў" са штрафамі, але без складання пратаколаў. Гэта адбывалася, калі ў безбілетніка не было дакументаў і меўся быць паход у міліцыю для высвятлення асобы.
Прычым у шэрагу выпадкаў пратакол усё ж складаўся, але на іншае імя — грамадзян, якіх лавілі і каралі раней. Хоць "следствам зафіксаваныя выпадкі, калі кантралёры атрымлівалі ад пасажыраў грашовыя сродкі і не выносілі пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання".
У СК палічылі, што такімі дзеяннямі кантралёры прычынілі шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян. Па крымінальнай справе прызнана пацярпелымі 9 чалавек.
Праблем з законам раней у кантралёраў не было, усе яны станоўча характарызуюцца па месцы жыхарства і працы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.