У Мінску добраўпарадкавалі магілу рэпрэсаванага прэзідэнта Акадэміі навук
![На магіле Усевалада Ігнатоўскага](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-05/ihnatouski-0305-3.jpg.webp?itok=txsO5sQ0)
На магіле Усевалада Ігнатоўскага / t.me/smu_nan
Маладыя навукоўцы з Савета маладых навукоўцаў (СМН) НАН Беларусі 3 траўня добраўпарадкавалі магілу гісторыка Усевалада Ігнатоўскага на Вайсковых могілках у Мінску і ўшанавалі яго памяць, паведамляе тг-канал СМН.
Усевалад Ігнатоўскі (1881-1931) — вядомы беларускі палітычны і дзяржаўны дзеяч, гісторык. Ён быў першым прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук. Да таго займаў пасады народнага камісара земляробства, народнага камісара асветы, прэзідэнта Інстытута беларускай культуры.
На пачатку 1930-х яго рэпрэсавалі, назваўшы "лідарам нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі". Навуковец праходзіў па справе міфічнага "Саюза вызвалення Беларусі". Пасля аднаго з допытаў у ДПУ Ігнатоўскі скончыў жыццё самагубствам (паводле іншай версіі, быў застрэлены супрацоўнікамі ДПУ ў сябе дома).
![У Мінску добраўпарадкавалі магілу рэпрэсаванага прэзідэнта Акадэміі навук](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/ihnatouski-0305-2.jpg.webp?itok=StYVRM2Z)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.