У Мінску хочуць, каб новым беларускім касманаўтам стала дзяўчына

Расійскі Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў / gctc.ru
Расійскі Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў / gctc.ru

Першым касманаўтам незалежнай Беларусі павінна быць дзяўчына, заявіў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў. Паводле яго слоў, прэтэндэнткі ўжо адабраныя і накіраваныя ў расійскі Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў. Там будуць яшчэ раз правяраць іх здароўе. З тых, хто пройдзе гэтае выпрабаванне, выберуць асноўную прэтэндэнтку на палёт і дублёрку. Затым іх чакае паўгадавая падрыхтоўка.

Палёт, калі ўсё пойдзе паводле плана, можа адбыцца наступнай восенню. На пытанне, якія задачы ставіць дзяржава перад беларускай касманаўткай, кіраўнік НАН заявіў, што яна павінна будзе выканаць цэлую навуковую праграму.

Гаворка, паводле слоў Гусакова, ідзе аб даследаваннях "у галіне фізіялогіі, здароўя, біятэхналогій", а таксама аградаследаваннях "нават магчымае вырошчванне нейкай зеляніны для харчовых мэтаў і гэтак далей".

Улетку паведамлялася, што ў беларускім спісе прэтэндэнтаў на палёт у космас 29 чалавек. З іх толькі траціна жанчыны. Беларусы ўжо былі ў космасе, яшчэ ў савецкія часы. Першым у 1973 годзе туды трапіў Пётр Клімук, затым у 1977-м лётаў Уладзімір Кавалёнак. Пра сваё беларускае паходжанне расказвала Валянціна Церашкова, першая жанчына ў космасе (1963). Беларускае паходжанне маюць і расійскія касманаўты Алег Навіцкі і Алег Арцем'еў – яны дагэтуль лётаюць на МКС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі