У Мінску не каментуюць звесткі пра ордэн Дружбы народаў для Бакіева
У Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі і беларускім МЗС не каментуюць звесткі пра ўзнагароджанне экс-прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева.
Паведамленне пра ўзнагароджанне Бакіева ў Беларусі ордэнам Дружбы народаў распаўсюдзілі 5 жніўня некаторыя кіргізскія СМІ. У прыватнасці, партал www.kabarlar.org апублікаваў фотаздымкі ордэна і віншавальнага ліста Бакіеву за подпісам Аляксандра Лукашэнкі. Ліст датаваны 1 жніўня 2014 года — днём нараджэння экс-прэзідэнта Кыргызстана. Сёлета Бакіеў святкаваў сваё 65-годдзе.
Як інфармуе БелаПАН, МЗС Кыргызстана выклікаў пасла Беларусі ў Бішкеку Віктара Дзенісенку для тлумачэнняў з гэтай нагоды. Амбасадар заявіў, што не валодае такімі звесткамі, і абяцаў паінфармаваць МЗС Кыргызстана па сутнасці праблемы ў самы бліжэйшы час.
У МЗС Беларусі журналістам не сталі каментаваць сітуацыю з выклікам амбасадара. А кіраўнік прэс-службы Лукашэнкі Андрэй Папоў заявіў, што не мае інфрамацыі, ці падпісваў Лукашэнка указ аб узнагароджанні Курманбека Бакіева ордэнам Дружбы народаў.
Фота — kabarlar.org