У Мінску падалі заяўку на правядзенне шэсця і мітынга на Дзень Волі
Вулічная акцыя, прысвечаная чарговым угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі, пройдзе 25 сакавіка ад кінатэатра "Кастрычнік" да плошчы Бангалор.
У Мінгарвыканкам 9 сакавіка падалі заяўку на правядзенне 25 сакавіка шэсця і мітынга з нагоды Дня Волі, 97-х угодкаў абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Яе падпісалі Аляксей Янукевіч (ад Партыі БНФ), Марына Хоміч (ад аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя"), Мікола Казлоў (Аб'яднаная грамадзянская партыя) і Мікіта Семяненка (рух "За Свабоду").
Вось што распавёў Еўрарадыё пра маршрут акцыі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
"Збор удзельнікаў плануецца 25 сакавіка ў 17.00 каля кінатэатра "Кастрычнік". Пазней — шэсце, ад 18-й гадзіны па вуліцы Сурганава па ходніках да парку Дружбы народаў. І там з 19.15 да 20-й гадзіны плануецца правядзенне мітынгу".
У панядзелак у Мінску праходзіць чарговае паседжанне аргкамітэта. На яго былі запрошаныя музыкі, якія маглі б выступіць перад удзельнікамі мітынга, а таксама прадстаўнікі моладзевых, культурніцкіх ініцыятываў, ад якіх чакаюць цікавых ідэяў. Янукевіч адзначае, што падчас вулічных акцый існуе "патэнцыйна вялікая праблема з гукаўзмацненнем".
Вядома, што Дзень Волі-2015 пройдзе пад агульным лозунгам "Разам за мір і незалежнасць". На акцыі будуць прысутнічаць тэмы абароны незалежнасці, неабходнасці захавання міру ў нашым рэгіёне, у тым ліку і ў Беларусі, салідарнасці з Украінай.
25 пытанняў і адказаў з гісторыі БНР
Нагадаем, 25 сакавіка 1918 года ў Мінску, акупаваным нямецкімі войскамі, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвесціла дзяржаўную незалежнасць Беларусі. БНР аднак не паспела стварыць уласнае войска і абараніць свае межы. Праўда, за незалежнасць змагаліся тысячы беларусаў — у складзе асобных вайсковых падрадзяленняў і партызанскіх атрадаў. Найбольш вядомая акцыя — Слуцкі збройны чын 1920 года. Прызнаны факт, што толькі дзякуючы існаванню БНР, маскоўскія бальшавікі пайшлі на стварэнне ў 1919 годзе БССР.
Фота: bymedia.net