У Мінску разагнаная акцыя апазіцыі, жорстка збіты Зміцер Хведарук

У сераду на Кастрычніцкай плошчы прайшла акцыя ў абарону незалежнасці Беларусі. Дэманстрантаў сабралося каля 50 чалавек, міліцыянтаў было ўдвая больш. Спецназ вырываў сцягі, збіваў людзей, адганяў іх далей ад плошчы. Моладзевы актывіст Зміцер Хведарук шпіталізаваны з сатрасеннем мозгу.

Нагадаем, Партыя БНФ заклікала людзей прадэманстраваць напярэдадні візіту расійскага прэзідэнта Пуціна еўрапейскі выбар Беларусі і нязгоду з намерам падпісання Канстытуцыйнага акта аб утварэнні саюзнай дзяржавы.

Аднак падрыхтавацца фронтаўцы не паспелі, улётак не надрукавалі, спадзяваліся на абвесткі ў Інтэрнэце. Таму прагназавалася малая колькасць людзей, якія выйдуць на плошчу. Пра гэта Еўрарадыё раніцай 12 снежня распавёў старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

А 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы сабраліся да 50 чалавек, гэта былі не толькі мінчукі, некаторыя людзі прыехалі з рэгіёнаў. З вядомых палітыкаў на плошчы былі Вінцук Вячорка і Алесь Міхалевіч. Людзі скандавалі: “Жыве Беларусь!”, яны трымалі бел-чырвона-белыя сцягі.

Спецназаўцы жорстка выцеснілі людзей у бок вуліцы Інтэрнацыянальнай. Аднак яны групамі і паасобку вярталіся назад на плошчу.

На гэты раз людзей адцяснілі ў бок парку Янкі Купалы. Там і быў збіты Зміцер Хведарук, які бараніў нацыянальны сцяг.

Вось што распавёў у інтэрв’ю “Хартыі-97” відавочца, палітык Мікола Статкевіч: “Але раптам ля Купалаўскага парку на групу з маладых людзей напалі міліцыянты, пачалі валіць на зямлю, а па Змітру літаральна прайшліся нагамі. Я потым размаўляў з доктарам і той сказаў, што сімптомы вельмі трывожныя. Калі Зміцера паднялі, ён быў як бы не зусім у непрытомнасці і пачаў дрыжаць. Доктар сказаў, што гэта можа быць вельмі кепскі сімптом”.

На “Хуткай” Змітра прывезлі ў 9-ю клінічную бальніцу, дзе зрабілі рэнтген-здымкі хрыбта і чэрапа. Лекары паставілі дыягназ: сатрасенне мозгу. Але абследаванні працягваюцца. мяркуецца, што ў Хведарука ёсць і іншыя траўмы.

Фота Юліі Дарашкевіч, “Наша ніва”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі