У Мінску са стралянінай затрымалі менеджара аднаго з "вядучых прадпрыемстваў"
Машына затрыманага
У Мінску са стралянінай затрымалі "службовую асобу аднаго з вядучых прадпрыемстваў сталіцы", паведамілі ў МУС. Мужчыну падазраюць у атрыманні хабару.
Са слоў сілавікоў, "пры затрыманні на вуліцы Малініна ў Мінску падазраваны аказаў супраціў міліцыянтам і паспрабаваў уцячы на асабістым аўтамабілі". Каб перашкодзіць мужчыну схавацца, аператыўнікі адкрылі агонь па колах.
У МУС сцвярджаюць, што затрыманы атрымліваў адкаты ад замежнай кампаніі за падпісанне кантрактаў аб пастаўцы камплектуючых да электрапрыбораў. У лістападзе мінулага года ён, паводле іхных звестак, атрымаў 15 тысяч даляраў. У снежні павінен быў забраць яшчэ 18 тысяч даляраў. Для атрымання апошняй сумы задзейнічаў пасярэднікаў і бацьку. Яны таксама затрыманыя і знаходзяцца ў ізалятары часовага затрымання.
Пры ператрусе па месцы жыхарства ў фігурантаў гэтай справы была "канфіскаваная вялікая сума наяўных у розных валютах", адзначылі таксама ў МУС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.